Ружы для «Femen»


Прыняць “прабачэнні за дзеянні ўладаў Беларусі” з украінскай амбасады ніхто не выйшаў.

Экс-кандыдат на прэзідэнта, лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў разам з паплечнікамі прыйшоў сёння да ўкраінскай амбасады, каб перадаць букет з белых і чырвоных ружаў для дзяўчат з руху “Femen”, якія 19 снежня зладзілі акцыю ля КДБ Беларусі. “Гэты букет – знак нашага захаплення іхнаю мужнасцю і нашая шчырая ўдзячнасць. Таксама мы выбачаемся за тыя дзеянні, што дазволілі сабе адносна жанчын улады Беларусі. Няхай ва Украіне ведаюць, што не ўсе беларусы моўчкі праглынаюць сваволю і бясчынства”, – сказаў Уладзімір Някляеў

Гэтыя словы палітык і паэт прамаўляў праз інтэрком, бо з амбасады так ніхто не выйшаў.

Як паведаміў працаўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва, які назваўся дзяжурным, у амбасадзе нікога няма, а пакідаць свой пост ён не мае паўнамоцтваў.

Жахлівы інцыдэнт з прадстаўніцамі ўкраінскага руху “Femen”, нагадаем, адбыўся 19 снежня. Пасля акцыі каля беларускага КДБ дзяўчаты былі скрадзеныя невядомымі. Амаль суткі з іх здзекаваліся, прыніжалі, пагражалі забіць. Урэшце выкінулі непадалёк ад украінскай мяжы і загадалі ніколі не вяртацца ў Беларусь. У руху “Femen” упэўненыя, што злачынства здзейснілі працаўнікі беларускіх спецслужбаў. Аднак КДБ і Міністэрства ўнутраных справаў адмаўляюць сваю датычнасць да інцыдэнту.

Пакуль ніяк не адрэагавалі на здарэнне са сваімі грамадзянкамі і ўкраінскія афіцыйныя асобы. Аднак украінскі палітолаг Дзмітрый Выдрын лічыць, што інцыдэнт не пройдзе незаўважаным. “Калі крыўдзяць украінскіх жанчын, безумоўна, Украіна заступіцца. Найперш, канечне, сваю ацэнку гэтаму выкажа нашая грамадзянская супольнасць, бо яна больш гнуткая. Напэўна, далучыцца і дзяржава, бо ў нас, на шчасце, улады чуюць, што адбываецца ў грамадстве. Таму, упэўнены, што будзе дадзеная маральная ацэнка і аказаная неабходная дапамога дзяўчатам”, – гаворыць Дзмітрый Выдрын.

belsat.eu

Стужка навінаў