Імпарт будматэрыялаў будуць стрымліваць


Чыноўнікі загадалі беларускім прадпрыемствам знізіць кошты на айчынную прадукцыю і актыўней прапаноўваць свае тавары.

На рэспубліканскім семінары ў пытанні імпартазамяшчэння Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу – паменшыць аб’ём імпарту ў будаўніцтве на 65 %, а з наступнага года ўвесці жорсткае нармаванне расходаў матэрыялаў і энергарэсурсаў у будаўнічым комплексе. Першаю рэакцыяй чыноўнікаў на гэта стаў загад зрабіць беларускую прадукцыю таннейшаю. “Будаўнічае прадпрыемства Менскае аб’яднанне вытворча-індустрыйнага домабудаўніцтва [Больш вядомае як МОПИД. – “Белсат”] мусіць знізіць сабекошт прадукцыі на 10 %. Аналагічнае патрабаванне і да прадпрыемства “Менскрамбуд”, – заявіў старшыня Менскага гарвыканкаму Мікалай Ладуцька.

“Прэзідэнт запатрабаваў забяспечыць паўсюдна вельмі жорсткі рэжым эканоміі рэсурсаў. Гэта задача для ўсіх без выключэння. Таму пры фармаванні планаў на наступны год адпаведны раздзел мусіць таксама быць далучаны”, – дадаў чыноўнік.

Пры гэтым Менскае аб’яднанне вытворча-індустрыйнага домабудаўніцтва застаецца на мяжы банкруцтва. “Сёлета перад намі паставілі задачу, каб кошт жылля заставаўся нязменны, – кажа прадстаўнік кампаніі Юрый Санукевіч. – Аднак кошты матэрыялаў пры гэтым выраслі ў два-тры разы: пенапласт падаражэў утрая, цэмент – больш як у паўтара разу, арматура, сталь – у два разы, сталярныя вырабы – на 30–40 %, на лінолеум кошт вырас больш як на 62 %. МОПИД вымушаны стрымліваць кошты на канчатковую прадукцыю і нясе страты”. Паводле Санукевіча, пры штучным зніжэнні кошту на прадукцыю даччынае прадпрыемства “Будпрагрэс”, якое займаецца вырабам будаўнічых матэрыялаў, можа наўпрост збанкрутаваць – складнікі для выніковага прадукту па-ранейшаму імпартныя.

belsat.eu

Стужка навінаў