«Студэнты ў пагонах» маюць найвялікшыя стыпендыі


Курсанты штомесяц атрымліваюць стыпендыю памерам 800 тыс. руб. Пасля 4-га курсу і атрымання звання афіцэра выплаты павялічваюцца да 2 млн руб.

«Першыя два гады мы вымушаныя жыць у казарме. Пасля можам здымаць жытло, але арэнды нам не кампенсуюць. На харчаванне даюць 60 тыс. руб. на месяц, хоць гэта і не адпавядае выдаткам – калі курсант жыве ў казарме і харчуецца там, ён мае паўнавартасны сняданак, абед і вячэру штодня», – распавёў «Белсату» адзін з курсантаў Ваеннай акадэміі. Паводле суразмоўцы, з кожным годам абітурыенты паступаюць з усё ніжэйшымі баламі. «Сёлета залічылі хлапца з балам 120 з 400 магчымых. Гэта значыць, што ён атрымаў тройкі па ўсіх дысцыплінах, улічваючы сярэдні бал атэстату», – адзначае курсант.

Адміністрацыя Ваеннай акадэміі адмаўляецца каментаваць грашовую дапамогу, якая штомесяц выдзяляецца студэнтам. «Гэта інфармацыя для службовага карыстання, ведаць грамадству яе не трэба», – заявілі ў бухгалтэрыі.

Падобную сістэму стыпендыяў маюць таксама курсанты Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт выплачвае студэнтам адну з самых вялікіх стыпендыяў па краіне. Як паведамілі ў бухгалтэрыі БДУ, стыпендыя ў выдатнікаў складае 570 тыс. руб. У выключных выпадках можна разлічваць на дадатак: стыпендыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь памерам 385 тыс.руб., спецыяльную стыпендыю – 302 тыс. руб. і персанальную стыпендыю – 332 тыс. руб. Але да «вайсковых» стыпендыяў іншым беларускім студэнтам яшчэ далёка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары