Людміла Гразнова ў «Гарачым каментары»


“Усе людзі нараджаюцца свабодныя ды роўныя ў сваёй годнасці ды правах, яны надзеленыя розумам і сумленнем і маюць ставіцца адзін да аднаго ў духу братэрства”. Гэтак гучыць першы артыкул з “Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”, у гонар якой 10 снежня адзначаецца Дзень правоў чалавека. Напярэдадні свята ў Беларусі застаюцца палітвязні, а свабоды мірных сходаў абмежаваныя папраўкамі ў закон.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Freedom House” далучыла сёлета беларускае грамадства да спісу рэпрэсаваных грамадстваў свету. Да апошняй ступені ў рэйтынгу арганізацыі нашай краіне не хапіла ўсяго аднаго пункту. Таксама Беларусь была ўключаная ў спіс 10 краінаў з найгоршым станам свабоды медыяў. Міжнародныя і беларускія праваабаронцы адзначаюць моцны ціск на грамадзянскую супольнасць, апанентаў улады і незалежных журналістаў. З заклікамі спыніць рэпрэсіі да ўладаў Беларусі неаднаразова звярталіся ўплывовыя арганізацыі ды палітыкі.

Праваабаронца Людміла Гразнова адзначае, што нягледзячы на шматлікія парушэнні ды рэпрэсіі ў Беларусі ўсё ж застаюцца праваабаронцы і незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Людзі маюць магчымасць выказаць сваё меркаванне прынамсі ў інтэрнэце.

“Нельга сказаць, што пануе ўсеагульнае бязладдзе. Існуе нейкі цякучы стан, які ўсё ж дае надзею на лепшае. Людзі могуць не ведаць словаў дэкларацыі, аднак пры падпісанні працоўнай дамовы, пры парушэнні іхных правоў міліцыяй яны ведаюць, што трэба рэагаваць. То бок, не толькі чарка і скварка ёсць асноваю свядомасці беларусаў”, – лічыць спадарыня Гразнова.

Праваабаронца мяркуе, што летнія маўклівыя акцыі пратэсту даказваюць ейнае меркаванне, а эканамічныя праблемы толькі сталіся каталізатарам незадавальнення.

“Беларусы, як і кожны народ, – вельмі мудры народ. Яны добра разумеюць галоўную пагрозу – страта суверэнітэту. Таму тут як бы агульнае разуменне бяды і агульнай пагрозы. Таму мы думаем, вырашаем і чакаем, што будзе адбывацца, і будзем бараніць свой дом”, – кажа праваабаронца.

belsat.eu

Стужка навінаў