Петыцыі супраць смяротнага пакарання прыйшлося адпраўляць поштаю


9 снежня група праваабаронцаў, разам з прадстаўніцаю “Міжнароднай амністыі” Гізэр МакГіл, прынеслі да ганку прыёмнай Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі дзесяць скрыняў з подпісамі людзей з усяго свету.

У інтэрв’ю журналістам Гізэр МакГіл растлумачыла: “Мы нясем петыцыю з заклікам увесці мараторый на смяротную кару ў Беларусі. Гэта было ініцыявана праваабарончым цэнтрам “Вясна”, мы далучыліся, і цяпер гэта стала часткаю глабальнай кампаніі, прымеркаванай да 50-годдзя “Міжнароднай амністыі”. Сабралі больш за 160 000 подпісаў людзей з трыццаці краінаў, у тым ліку вельмі шмат з Беларусі. Такім чынам, грамадскасць вашай краіны патрабуе, каб прэзідэнт Лукашэнка абвесціў мараторый на смяротную кару”.

“Нам шмат гаварылі, – дадаў кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак, – што пытанне пра адмену смяротнай кары ўпіраецца ў грамадскую думку. Як мы бачым, сітуацыя мяняецца. Гэтая петыцыя – не ўльтыматум, не нейкае патрабаванне, гэта зварот людзей да кіраўніцтва краіны”.

Кіраўнік прыёмнай прэзідэнта адмовіўся прыняць подпісы, парэкамендаваўшы адправіць іх поштаю. Праваабаронцам давялося накіравацца ў найбліжэйшае аддзяленне сувязі ды аформіць сабраныя петыцыі як пасылкі.

belsat.eu

Стужка навінаў