Любоў Кавалёва: майго сына ў турме катуюць


Паводле маці Уладзіслава Кавалёва, з вязня не здымаюць кайданкоў нават ноччу.

Пра гэта Любоў Кавалёва распавяла журналістам падчас адмысловай прэс-канферэнцыі. Жанчына гаворыць, што звярнула ўвагу на свежыя сляды ад кайданкоў на руках сына падчас спаткання. Пазней ёй стала вядома, што з Уладзіслава не здымаюць кайданкоў нават ноччу – ён спіць прыкаваны да ложка абедзвюма рукамі.

Паводле маці вязня, яго трымаюць у адзіночцы. Уладзіслаў Кавалёў пазбаўлены шпацыраў, яму не перадаюць лістоў ад сваякоў. Усё гэта жанчына расцэньвае як парушэнне канстытуцыйных і грамадзянскіх правоў сваіх і сына. Любоў Кавалёва нагадала, што замест 3-гадзіннага спаткання змагла пабачыцца з сынам толькі паўгадзіны, а сястры вязня, Таццяне Кавалёвай, дазволілі паразмаўляць з братам увогуле толькі 10 хвілінаў.

Дагэтуль Уладзіславу Кавалёву не перадалі пасылкі ад маці, якую кіраўніцтва СІЗА КДБ прыняло яшчэ на мінулым тыдні. Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч расцэньвае гэта як парушэнне заканадаўства, бо ніякіх абмежаванняў на гэты конт у законе не існуе.

Любоў Кавалёва на наступны дзень пасля абвяшчэння прысуду перадала Аляксандру Лукашэнку прашэнне аб памілаванні сына. Да прэзідэнта таксама звярнуўся і сам асуджаны Уладзіслаў Кавалёў. «Сын напісаў, што ён не вінаваты і чысты перад Богам і людзьмі», – гаворыць скрозь слёзы жанчына. Любоў Кавалёва спадзяецца, што прэзідэнт пачуе іх і выратуе ейнага сына. Яна нагадвае, што пад размешчаным ёю ў інтэрнэце зваротам супраць расстрэлу Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава падпісаліся ўжо больш за 31 тысячу чалавек, у тым ліку і шмат хто з пацярпелых ад тэракту ў Менскім метрапалітэне.

belsat.eu

Стужка навінаў