Навошта ў Беларусі правялі перапіс насельніцтва?


«Са свайго досведу ведаю, што гэты матэрыял паступіў у міністэрствы, але я баюся, што ён застанецца на паліцы. Важна менавіта скарыстаць гэты матэрыял», – гаворыць намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік.

Важна скарыстаць матэрыялы перапісу насельніцтва Беларусі 2009 г., а не пакідаць іх на паліцы. Такі пункт гледжання Анатоль Тозік выказаў 7 снежня ў Менску падчас міжнароднай канферэнцыі «Вынікі перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2009 года: распаўсюджанне і выкарыстанне звестак».

Віцэ-прэм’ер лічыць матэрыялы перапісу насельніцтва 2009 г. «велізарным аб’ёмам практычнай інфармацыі, якая ёсць незаменнаю для кожнага міністэрства і ведамства краіны», а таксама «ўнікальным інфармацыйным рэсурсам, які дазваляе адэкватна ацаніць чалавечы патэнцыял і забяспечыць эфектыўнае прагназаванне эканамічнага, сацыяльнага, дэмаграфічнага развіцця грамадства і дзяржавы».

Паводле чыноўніка, без дакладных статыстычных звестак пра насельніцтва краіны немагчыма вызначыць стратэгічныя кірункі развіцця эканомікі.

У сваю чаргу старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі Уладзімір Зіноўскі падкрэсліў, што гэтая канферэнцыя арыентаваная перш за ўсё на карыстальнікаў статыстычнай інфармацыі. «Паказаць, навучыць карыстацца ўнікальнымі звесткамі, атрыманымі ў выніку перапісу, – галоўная мэта канферэнцыі. Гэта важна як для навуковых установаў, гэтак і для органаў дзяржкіравання, бо ўсе праграмы пачынаюцца з чалавека», – растлумачыў Зіноўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў