«Мы хочам верыць», або цуды прапрэзідэнцкай сацыялогіі


Напрыканцы 2010 г. шчодра раздаваліся абяцанні, бюджэтнікі атрымлівалі павышаныя аклады, а кошты пры гэтым заставаліся на месцы. Цягам 2011 г. сітуацыя змянілася кардынальна – беларусы збяднелі, кошты працягваюць расці. Пры гэтым узровень даверу насельніцтва да кіраўніка дзяржавы за год знізіўся з 77,5 % да 70 %. Прынамсі, столькі даверлівых грамадзянаў налічылі сацыёлагі з Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце.

Кожны другі апытаны верыць, што ўраду ўдасца стабілізаваць сітуацыю на валютным рынку і ў эканоміцы краіны. «Давер, рэйтынгі – яны звязаныя не толькі з аб’ектыўнай эканамічнаю сітуацыяй, яны звязаныя таксама з папулісцкімі захадамі, з тым, што людзі гатовыя або не гатовыя зноў паверыць, – гаворыць сацыёлаг Таццяна Вадалажская. – Людзям трэба ў штосьці верыць. І калі робяцца нейкія захады, хай сітуацыя не вельмі змяняецца, то ёсць надзея на тое, што можа сітуацыя выправіцца».

Аляксандр Лукашэнка абяцае беларусам «напружаны» 2012 год, пры гэтым публічна выказвае занепакоенасць з якасці жыцця шараговых беларусаў. «За кошт народу мы не можам жыць, напружваючы іх да краю. А то атрымліваецца так, што даярка надаіла малака, прадала, а ў краму прыйшла, каб купіць, дык у яе нават на літр малака не хопіць, каб сям’ю накарміць. Дзе гэтыя цэны, у чым? Адны вязуць, другія перапрацоўваюць, трэція вязуць у гандаль праз аптавікоў, пятыя пастаўляюць у свае структуры – і ў краму прыйшлі ў пяць разоў даражэйшыя! Куды гэта варта?!» – заявіў Лукашэнка падчас адной са сваіх апошніх нарадаў. Ці гатовыя беларусы зноў паверыць у абяцанні? «Можа, я і песіміст у гэтым сэнсе, але мне здаецца, што прынамсі палова насельніцтва гатовая яшчэ раз паверыць у тое, што ўлада можа справіцца з сітуацыяй. Папулісцкія крокі, як мне падаецца, будуць мець – хай і невялікі – эфект прыцішэння недаверу», – гаворыць Таццяна Вадалажская.

Тым часам, паводле Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце, найбольш не давяраюць беларусы апазіцыі. Гэты паказнік сягае рэкордных 90 %. Гэтак не было нават падчас маштабнай атакі дзяржаўных медыяў на апазіцыю напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў – тады свой недавер апазіцыі выказалі 66 % апытаных Аналітычным цэнтрам.

belsat.eu

Стужка навінаў