Суд за локшыну


У Менску затрымалі Уладзіслава Лобава і Яўгена Контуша. Маладзёнаў падазраюць ва ўдзеле ў акцыі ля будынку Белтэлерадыёкампаніі.

Нагадаем, раніцаю 3 снежня маладыя людзі ад імя беларускіх нацыянал-бальшавікоў вылілі на ганак параднага ўваходу ў Белтэлерадыёкампанію вядро локшыны і раскідалі ўлёткі. У іх актывісты патлумачылі, што ім надакучыла замест праўдзівай і сумленнай інфармацыі атрымліваць ад дзяржаўных СМІ локшыну.
Як паведаміла “Белсату” праваабаронца Наста Лойка, дакладна вядомыя прозвішчы двух затрыманых – гэта няпоўнагадовы Уладзіслаў Лобаў (дарэчы, малодшы брат палітвязня Эдуарда Лобава) і Яўген Контуш. “Уладзіслава пасля складання пратаколу з пастарунку выпусцілі, бо ён няпоўнагадовы, а Яўгена будуць судзіць. Справу а 16:30 пачне разглядаць суд Першамайскага раёну”, – гаворыць Наста Лойка.
Са словаў праваабаронцы, на маладзёнаў склалі пратаколы паводле арт. 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства). У пратаколах запісана, што яны “павесілі на дзверы Белтэлерадыёкампаніі вараную локшыну”.

belsat.eu

Стужка навінаў