Жыхары цэнтральных рэгіёнаў Расеі не чакаюць зменаў пасля выбараў


Большасць жыхароў гэтых богам забытых населеных пунктаў жыве ўспамінамі камуністычнага часу. У вёсцы Берандзеева Яраслаўскай вобласці няма святла, і перыядычна знікае гарачая вада.

“Я падтрымліваю праграму камуністычную. Ён (лідар расейскіх камуністаў Генадзь Зюганаў) правільна кажа – грошы разбазарылі і ўцяклі. Скралі мільярд грошай у простага пенсіянера – і што? А што ў нас? У нас вакол хабарніцтва, і ўсё. Куды ні прыйдзі. Вось што тут – дарога? Не. Святла няма, у вёсцы святла няма…” – кажа мясцовы жыхар Анатоль.

Ён кажа, што раней працаваў выкладчыкам міжнародных дачыненняў, але пераехаў у вёску, бо не мог глядзець на карупцыю ва ўрадзе і ва ўніверсітэце.

Ёсць тут і электарат кіроўнай партыі – “Единой России”. Аднак ейныя выбарцы галасуюць за яе, бо папросту прызвычаіліся, надзеяў на паляпшэнне ўмоваў жыцця не маюць.

“Ну, я буду галасаваць зноўку за Пуціна. А што? Усё роўна нам ніхто нічога добрага не дае, атрымліваем мізэрныя пенсіі, а што рабіць – жыць неяк трэба”, – кажа мясцовая жыхарка Антаніна.

Паводле ейных сябровак, у вёсцы нават няма дзе галасаваць, бо мясцовыя ўлады нядаўна закрылі школу.

“А мне вось падабаецца, як выступае Зюганаў. Ён нібыта за ўсё. Каб і калгасы вярнулі, і каб зямлю… За зямлю ж дзяруць цяпер. Ленін вось даў усім зямлю, так? А цяпер за яе плаці!” – абураецца чарговы прыхільнік камуністаў Павал.

Парламенцкія выбары прызначаныя на 4 снежня. Аднак ужо некалькі тыдняў таму пачалося датэрміновае галасаванне. Кіроўная партыя “Единая Россия” плануе атрымаць каля двух трацінаў галасоў выбарцаў.

belsat.eu

Стужка навінаў