Беларусы змогуць бясплатна вучыцца за мяжою


Праект “Адкрытая Еўропа”, які будзе фінансавацца Еўрапейскім Звязам, дае магчымасць атрымаць стыпендыю для навучання ў любым універсітэце на тэрыторыі краінаў ЕЗ.

Праграма накіраваная на развіццё дэмакратычнай Беларусі праз даванне маладым людзям доступу да вышэйшай адукацыі, што адпавядае агульнапрызнаным міжнародным акадэмічным стандартам. Распрацоўнікі праграмы спадзяюцца, што выпускнікі пасля навучання вернуцца радзіму і будуць спрыяць дэмакратызацыі Беларусі. Падобны праект быў заснаваны пяць гадоў таму, і называўся ён Праграма Каліноўскага. Аднак тут бясплатная адукацыя даецца толькі студэнтам, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

“Калі пачыналася Праграма Каліноўскага, то шмат хто казаў, што найлепшыя, самыя смелыя і таленавітыя павыязджаюць – а хто ж тут будзе рэвалюцыю рабіць? Але ёсць прыклады іншых краінаў, той жа Польшчы: вялізарная колькасць маладых з’ехала ў часы “Салідарнасці”. А потым большасць вярнулася, – адзначаў Аляксандр Мілінкевіч на сустрэчы з еўрапейскімі донарамі. – Таму і ў нас так будзе – гэта непазбежны працэс. Маладзёны набіраюцца досведу, і нават калі застануцца, то будуць нашымі “агентамі ўплыву” ў гэтых краінах”.

Фінансаванне ад Еўропы атрымлівае таксама “ўніверсітэт у выгнанні” – Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Вядома, што толькі 24 % ягоных выпускнікоў вярнуліся на радзіму, каля 64 % застаюцца за межамі Беларусі.

Вынікі сацыялагічных даследаванняў паказваюць, што з’ехаць за мяжу на любых умовах гатовыя 45 % маладых беларусаў ва ўзросце да 18 гадоў, 43 % ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў і 34 % ва ўзросце ад 26 да 30 гадоў. Самы просты спосаб для маладога чалавека з Беларусі эміграваць – гэта паехаць вучыцца за мяжу.

“Навучанне ў Еўропе вылучаецца высокаю мабільнасцю студэнтаў, – адзначае HR-кансультант Анастасія Паўлоўская. – Існуе мноства праграмаў абмену паміж універсітэтамі, і студэнт можа на семестр ці год з’ехаць у іншую краіну на стажаванне. З’ехаць можа як студэнт, так і выкладчык: такі абмен досведам спрыяе прафесійнаму развіццю ўдзельнікаў праграмы, а калі паглядзець больш маштабна, то праграмы абмену наагул спрыяюць развіццю адукацыі ў краінах, дзе яны дзеюць”.

belsat.eu

Стужка навінаў