Угодкі Слуцкага збройнага чыну: Дзень герояў


Сёння адзначаюцца ўгодкі Слуцкага збройнага чыну – паўстання беларусаў супраць савецкага войска. Беларускія вайсковыя аддзелы складаліся пераважна з мясцовых сялянаў. Больш за месяц яны супрацьстаялі войскам бальшавікоў, баронячы абвешчаную 25 сакавіка 1918 г. незалежнасць Беларусі.

На заклік Рады Случчыны некалькі тысячаў беларусаў пад бел-чырвона-белым сцягамі ды «Пагоняю» са зброяй у руках адчайна баранілі ад бальшавікоў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Баявыя дзеянні працягваліся да канца снежня 1920 г. «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына» – так было напісана на сцягу слуцкіх паўстанцаў.

Месячнае супрацьстаянне беларускіх паўстанцаў і Чырвонай Арміі скончылася паразаю случчакоў. 27 лістапада – дзень, калі распачалася ўзброеная барацьба, – называюць таксама Днём герояў. Аднак афіцыйныя ўлады гэтую дату, як і ўсё звязанае з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі, ігнаруюць.

У сённяшняй Беларусі гэтая падзея несправядліва забытая. Слуцкім паўстанцам не ўсталявалі помніку, іхнымі імёнамі не назвалі вуліцаў беларускіх гарадоў.

На замову тэлеканалу «Белсат» у межах праекту «Невядомая Беларусь» была знятая стужка «Слуцкі збройны чын» (рэжысёр Сяргей Ісакаў, сцэнарыст Уладзімір Халіп). Дакументальны фільм можна пабачыць у эфіры «Белсату», а таксама на «YouTube».

belsat.eu

Стужка навінаў