МУС пра Крупкі: чакайце наступных рэйдаў


Рэйд у Крупскім раёне Менскай вобласці праведзены ў адпаведнасці з законам. Пра гэта заявіў журналістам 25 лістапада ў Маладзечне (Менская вобласць) намеснік міністра ўнутраных справаў – начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Яўген Полудзень, каментуючы падзеі мінулых выходных у Крупках, якія атрымалі вялікі грамадскі рэзананс.

21 лістапада відавочцы паведамілі ў інтэрнэце пра незаконнае затрыманне і збіццё грамадзянаў у Крупках. Праз некалькі дзён УУС Менаблвыканкаму абвергла гэтую інфармацыю.

“Мы аналізуем сітуацыю ў рэспубліцы і ў раёнах, дзе напружаная крымінагенная сітуацыя, робім рэйдавыя захады з улікам таго, дзе найчасцей здараюцца выпадкі хуліганства ды іншыя правапарушэнні”, – сказаў Полудзень. Ён паведаміў, што ў Крупскім раёне рэалізоўваліся “пазапланавыя захады” з удзелам створанага ў 2011 г. падраздзялення міліцыі спецыяльнага прызначэння УУС Менаблвыканкаму.

“Хто спрабуе сказаць, што там штосьці незаконна, дык прабачайце, матэрыялы накіроўваюцца ў суды, суды прымаюць рашэнні. Гэта значыць, рашэнні прымае міліцыя не адна, – адзначыў намеснік міністра. – Мы імкнемся да таго, каб нашы людзі адчувалі сябе спакойна ў кожным горадзе, любым раёне, любым населеным пункце нашай краіны”.

Полудзень папярэдзіў, што з улікам крымінагеннай сітуацыі, якая складаецца ў тых ці іншых рэгіёнах краіны, такія міліцэйскія рэйды будуць праводзіцца і надалей.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары