Што зніжка на газ дасць шараговым беларусам?


https://youtu.be/AgIISmsRzS0
«Пакуль не да канца зразумела, як гэта адаб’ецца на шараговых грамадзянах», – гаворыць палітолаг Валер Карбалевіч, звяртаючы ўвагу на залежнасць канчатковых коштаў у Беларусі ад шматлікіх пасярэднікаў і дзяржаўных рашэнняў. У Беларусі няма наўпроставай камерцыйнай залежнасці, калі цана на газ адразу ўплывае на кошты для спажыўцоў.

Пра тое, што кошт расейскага газу для нашай краіны ў 2012 г. можа знізіцца амаль удвая, а з 2013-га цана «блакітнага паліва» будзе прывязаная да ўнутрырасейскай, паведаміла маскоўскае выданне «Ведомости» са спасылкаю на ўрадавыя крыніцы. Калі інфармацыя газеты спраўдзіцца, то беларускі бок налета ашчадзіць на транспартаванні «блакітнага паліва» каля 2 млрд долараў.

Валер Карбалевіч падкрэслівае, што інфармацыя неафіцыйная: трэба дачакацца 25 лістапада, калі на сустрэчы са сваім калегам у Маскве Аляксандр Лукашэнка мае падпісаць увесь пакет дакументаў –антыкрызісны для Беларусі ды геапалітычны для Расеі.

«Але відавочна, што Расея пойдзе на зніжкі на газ», – упэўнены палітолаг. Ён называе тры прычыны: прэзідэнцкая кампанія ў Расея, цягам якой трэба прадэманстраваць поспехі ў замежнай палітыцы; продаж «Белтрансгазу»; далучэнне Беларусі да Мытнага саюзу і – з новага года – адзінай эканамічнай прасторы.

«І тут дзее, магчыма, такое правіла: за статус імперыі трэба плаціць. ЗША, прыкладам, дапамагае шмат каму за сферу свайго ўплыву на Блізкім Усходзе. Ну вось і Расея, у пэўным сэнсе, плаціць», – мяркуе палітолаг.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары