Яніна Мельнікава ў «Гарачым каментары»


Сёння, 21 лістапада, у свеце адзначаюць Дзень тэлебачання. Адкрытая інфармацыя – гэта тое, з чаго ўсё пачынаецца. Яна прымушае людзей думаць, рабіць свядомы выбар у бок лепшага жыцця. Аднак у Беларусі «блакітныя экраны» належаць выключна дзяржаўным прапагандыстам.

Кантроль за свядомасцю грамадзянаў – самы зручны механізм кіравання грамадствам. Таму за апошнія гады тактыка дзяржаўных медыяў не змяняецца. Эфір запоўнены забаўляльнымі праграмамі, праблемаў у эканоміцы нібы не існуе. А галоўныя вінаватыя ўва ўсіх цяжкасцях – па ранейшаму Захад і беларуская апазіцыя. Што праўда, ранейшых поспехаў дзяржпрапаганда ўжо не мае. Цягам апошніх двух гадоў інтэрнэт-аўдыторыя ў Беларусі павялічылася на 30 %. Сусветнае павуцінне ёсць амаль адзінаю прастораю як для альтэрнатыўных медыяў, так і для палітыкаў. Акурат сёння з’явіўся першы відэаролік тэлеканалу АГП.

Чалец праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Яніна Мельнікава зазначае, што ў сучаснай беларускай медыйнай прасторы існуе толькі дзяржаўнае тэлебачанне, якое прапаноўвае выключна фільмы, забаўляльныя праграмы і адкрыта прапагандысцкі прадукт.

«Менавіта гэта робіць інтэрнэт-тэлебачанне надзвычай актуальным для беларусаў. Бо ў дзяржаўных медыях вы не знойдзеце актуальнай інфармацыі, цікавых каментароў і альтэрнатыўных думак. Журналісты, на жаль, не могуць працаваць на дзяржаўным тэлебачанні без таго, каб стаць прапагандыстамі», – кажа яна.

Яніна Мельнікава нагадвае, што амаль усе зачыненыя ўладамі газеты сыходзілі перадусім у інтэрнэт. Але нават гэтую прастору дзяржава намагаецца кантраляваць.

«Беларускае заканадаўства ўсё больш жорстка ставіцца да праяваў меркаванняў у інтэрнэце. Было некалькі судоў, звязаных са словамі, апублікаванымі ў інтэрнэце, што, вядома, не можа не паўплываць на тое, як пішуць беларускія медыі ў інтэрнэце», – зазначае прадстаўніца БАЖ.

belsat.eu

Стужка навінаў