Аляксандр Класкоўскі: Перадвыбарны пі-ар распачаўся


Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч лічыць, што ўлады зусім адарваліся ад простага народу – і пераменаў у краіне да лепшага не прадбачыцца.

“Большасць народу Беларусі адкрыта асуджае ўлады, і гэтай праўды схаваць немагчыма. І гэта вельмі мякка сказана”, – заявіў лідар ліберал-дэмакратаў на пашыраным паседжанні найвышэйшай рады арганізацыі. Сяргей Гайдукевіч назваў урад хлуслівым і баязлівым, бо той не можа сказаць прэзідэнту праўды – пра тое, што эканоміцы краіны патрэбныя рэальныя рынкавыя рэформы.

“Сёння мы заяўляем уладам: прыслухайцеся, мы гатовыя дзеля дзяржавы і нашых грамадзянаў гаварыць і разам шукаць выйсця, якое б цяжкае яно ні было. Потым будзе позна”, – падкрэсліў ён. Лідар ЛДПБ папярэдзіў, што калі парламенцкія выбары 2012 г. будуць праводзіцца паводле старой схемы, партыя ў гэтым “спектаклі” ўдзельнічаць адмовіцца.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ўпэўнены, што “жорсткая рыторыка” лідара беларускіх ліберал-дэмакратаў звязаная з блізкімі выбарамі – і не больш. “Сёння канстатаваць, што давер да ўраду ўпаў, а ў краіне крызіс – гэта канстатаваць відавочнае. Бо калі ў гэтых умовах палітык яшчэ пачне лавіраваць і рабіць рэверансы ў бок уладаў, дык яго проста падымуць на смех”, – адзначае Аляксандр Класкоўскі.

Што ж тычыцца пагрозы байкатаваць выбары, то тут, як гаворыць Аляксандр Класкоўскі, насамрэч бабка надвое варажыла: “ЛДПБ у краіне ўжо ўстойліва ўспрымаюць як спарынг-партнёра ўладаў – таму, мяркую, гэтае пытанне будзе вырашацца не ў кабінеце Сяргея Гайдукевіча”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары