Заданне: Увайсці ў давер і заразіць вірусам


«КДБ аплаціў мне візу і даў грошай на дарогу і на квіткі», – раскрыў новыя падрабязнасці вербавання супрацоўнікамі КДБ былы студэнт факультэту журналістыкі БДУ Максім Чарняўскі, які ўцёк з Беларусі.

Расейскаму часопісу «The New Times» Чарняўскі паведаміў, што ўпершыню яго выклікалі ў КДБ на «прафілактычную гутарку» 13 ліпеня 2011 г., пасля таго як ён стаў адміністратарам суполкі «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».

«Пасля пяцігадзіннай гутаркі я, каб ад мяне адсталі, даў згоду супрацоўнічаць. Пасля гэтага паўтара месяца сапраўды ніхто не чапаў, – распавёў Чарняўскі. – З пачатку верасня супрацоўнік КДБ сустракаўся са мною раз, а часам два разы на тыдзень. Апрацоўваў мяне, душыў, прапаноўваў розныя заданні».

У прыватнасці, адзначыў хлопец, ён мусіў паехаць за мяжу і «ўвайсці ў давер да апазіцыйных лідараў, усталяваць ім на кампутары спецыяльна распрацаваны вірус, катацца па замежных семінарах, каб зліваць адтуль інфармацыю КДБ, уступіць у апазіцыйную арганізацыю «Малады фронт» і даносіць на іх».

Паводле Чарняўскага, каб яго выпусцілі з краіны, ён зрабіў выгляд, што згаджаецца на ўмовы КДБ і гатовы паехаць у Польшчу да каардынатара грамадзянскай інтэрнэт-кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» Вячаслава Дзіянава і ўсталяваць на ягоны кампутар вірусную праграму. «КДБ аплаціў мне візу і даў грошай на дарогу і на квіткі. Як толькі я апынуўся за мяжою – у Літве (бо паводле плану я мусіў ехаць у Польшчу праз Літву – так танней), я разарваў дамову аб супрацы з КДБ», – сказаў Чарняўскі.

Ён адзначыў, што паказаў спецыялістам вірусную праграму, якую атрымаў ад КДБ. «Крутым вірусам з КДБ аказалася пераробленая камерцыйная праграма для аддаленага кіравання кампутарам. Мабыць, IT-аддзел КДБ атрымаў нядрэнныя грошы на распрацоўку віруса, а потым узяў і проста «спёр» ужо гатовую праграму. Толькі іконку памянялі. Смешна: вірус маглі распазнаць бытавыя антывірусы. Так што мне некалькі разоў нагадалі: перад усталёўваннем антывірусы трэба адключыць», – распавёў хлопец.

У бліжэйшыя гады Максім Чарняўскі не мае намеру вяртацца ў Беларусь, а плануе працягнуць вучобу ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.

belsat.eu
https://youtu.be/O0AN5tAgOOU

Глядзі таксама
Каментары