Сілавікі вучацца перадухіляць тэракты


У Беларусі праходзяць трэнінгі для працаўнікоў міліцыі, Памежнага камітэту, Мінабароны, Міністэрства надзвычайных сітуацыяў і КДБ.

Прадстаўнікі сілавых структураў Беларусі адпрацуюць захады дзяржаўнага рэагавання на акты тэрарызму падчас міжгаліновай вайскова-справавой гульні, якая праходзіць у Менску. Паводле намесніка начальніка цэнтру інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Артура Стрэха, фармат трэнінгу адрозніваецца ад вучэнняў і не прадугледжвае актыўнай фазы адпрацоўвання дзеянняў на выпадак тэракту. “Удзельнікі вайскова-справавой гульні засяродзяцца на вывучэнні новых, перадавых метадаў спынення тэрарыстычных актаў і ліквідацыі іх наступстваў. Іх мэта – павысіць узровень узаемадзеяння органаў дзяржкіравання на выпадак рэальнай пагрозы”, – заяўляе чыноўнік.

Актуальнасць праблемы найбольш выявілася пасля выбуху ў менскім метро. І хоць улады станоўча ацанілі працу сілавікоў (асобныя працаўнікі атрымалі ўзнагароды ад Лукашэнкі яшчэ да сканчэння судовай справы), незалежныя эксперты пад сумнеў ставяць дзеяздольнасць беларускіх спецслужбаў аператыўна адрэагаваць на крытычныя сітуацыі.

Юрыстка Святлана Шлома звяртае ўвагу на тое, што звальненні кіраўнікоў метрапалітэну і часткі працаўнікоў МУС былі збольшага паказальныя, а не дзейсныя. “Прафілактыка тэрарызму застаецца на вельмі нізкім узроўні ў Беларусі. Дзяржаўныя структуры спрабуюць праз запалохванне грамадзянаў распавесці пра недапушчальнасць выбухаў і падобны рэчаў. А знаходжанне міліцыі ў метро ўжо праз тыдзень пасля тэракту стала чыста сімвалічнае – яны перасталі даглядаць торбы, у метро вярнулі лавы, хоць абяцалі, што гэтага больш не будзе”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары