На Глыбоччыне – масавае забруджванне азёраў


Улады заяўляюць, што рыба атруцілася кіслародам. Яны адмаўляюць праблему і кажуць, што якасць вады – прыдатная. Мясцовыя актывісты выказваюць нязгоду з афіцыйнымі адказамі чыноўнікаў, у якіх сцвярджаецца, што вада чыстая. За апошнія дзесяцігоддзі прадпрыемствы і калгасы гэтак забрудзілі возера Алоізберг, што ў ім немагчыма купацца і лавіць рыбу, кажуць людзі.

Улетку паўстала ініцыятыва дзеля абароны возера. Каля 200 жыхароў Падсвілля падпісалі зварот да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі, просячы дапамагчы спыніць забруджванне возера. Паводле актывіста Мар’яна Місевіча, жыхары атрымалі адказ, які падпісаў міністр прыродных рэсурсаў Уладзімір Цалко. “У ім напісана, што вада ў Алоізбергу чыстая. Аднак увесну на паверхні возера было шмат мёртвай дробнай рыбы. Усё возера было ў мальку. Прыродаахоўная інспекцыя заявіла, што рыба гінула ад перавышэння канцэнтрацыі кіслароду, а рыбакі кажуць, што бачылі, як у возера цякла гнаявая жыжа з жывёлагадоўчага комплексу”.

Мясцовыя жыхары называюць розныя крыніцы забруджвання. Паводле іх, бруд цячэ з вінзаводу, які стаіць на беразе, і са сценаў якога тырчаць сцёкавыя трубы. Побач з рэчкаю Галубіцаю, што ўпадае ў возера, месціцца сметнік. Сёлета каля самай ракі сельскагаспадарчае прадпрыемства захоўвае гной.

Яшчэ адна магчымая крыніца забруджвання – ільняны завод. У любым выпадку сітуацыя патрабуе сур’ёзнага ўмяшання інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аднак, як паведаміў “Белсату” першы намеснік старшыні райвыканкаму Віталь Пяткевіч, што адказвае за пытанні аховы прыроды, ніякага дадатковага расследавання не будзе. “Аналіз вады праведзены. Прычына таго, што загінула шмат рыбы, – перанасычанасць вады кіслародам. Мясцовыя жыхары пра гэта паінфармаваныя”.

Як адзначаюць актывісты, забруджванне азёраў адбываецца ва ўсім рэгіёне. Гэта стварае сур’ёзную пагрозу для Глыбоччыны, якая спрадвеку славілася чыстаю вадою і некранутаю прыродай. Менавіта на гэта зроблены акцэнт у развіцці турызму ў рэгіёне. Аднак пакуль улады не гатовыя сур’ёзна вывучаць праблему забруджвання як прамысловымі прадпрыемствамі, так і людзьмі – падчас купальнага сезону шмат якія пляжы закіданыя смеццем.

belsat.eu

Стужка навінаў