Эфект мытнага саюзу: працоўная эміграцыя


Міністэрства эканомікі канстатуе негатыўную тэндэнцыю, эксперты называюць прычыну: Мытны саюз.

Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на нарадзе Савету міністраў адзначыў: “Мы занепакоеныя міграцыяй. Гэта праблема няпростая, і вырашаць яе трэба з улікам таго, што акрамя заробку ёсць і іншыя стымулы для стрымлівання выезду адмыслоўцаў у іншыя краіны. Найперш – будаўніцтва жылля”.

На меркаванне намесніка міністра эканомікі Аляксандра Ярашэнкі, сённяшняя эканамічная сітуацыя ў Беларусі можа прывесці да таго, што адток высокакваліфікаваных кадраў можа вярнуцца да ўзроўню канца 1990-х гг., калі заробак быў ніжэйшы за 100 долараў і адмыслоўцы з’язджалі ў бліжэйшыя краіны, дзе плацілі нашмат больш. Прадстаўнік Міністэрства эканомікі дадаў, што паколькі такая пагроза існуе, то асаблівая ўвага надаецца стварэнню высокапрадукцыйных працоўных месцаў.

А існаванне Мытнага саюзу стварае прыдатныя ўмовы для працоўнай эміграцыі, лічаць эксперты. Старшыня Клубу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін мяркуе, што калі ўлады Беларусі будуць надалей праводзіць такую палітыку, з краіны з’едзе значная частка працаздольнага насельніцтва: “Народ ужо пачынае разбягацца. Які сэнс людзям заставацца ў Беларусі ва ўмовах пустых паліцаў, мізэрных заробкаў? Нічога добрага не бачу і для бізнесу. Яго зваротны капітал, у тым ліку і з прычыны дэвальвацыі, зваліўся прынамсі ў чатыры разы. Скарачаецца нават рублёвая выручка. Тым больш, збегчы з Беларусі проста: мяжа з багатаю ў беларускім разуменні Расеяй фактычна адсутнічае”.

Паводле даследаванняў Нацыянальнай Акадэміі навук, больш за 40 % апытаных хацелі б пакінуць краіну. Палова з іх жадае знайсці працу ў краінах Паўночнай Амерыкі, а астатнія – пераважна ў краінах Усходняй Еўропы і Азіі. Паводле афіцыйных звестак, штогод у заробкі за мяжу з Беларусі з’язджаюць не менш за 8000 чалавек.

belsat.eu

Стужка навінаў