Мяккае ці больш жорсткае: Якім будзе новае абвінавачванне Бяляцкага?


https://youtu.be/JiZbZl5GShQ
Праваабаронцу могуць абвінаваціць у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі, мяркуе юрыст Павел Сапелка.

“Асноўнаю інтрыгаю сённяшняга судовага паседжання стала хадайніцтва пракурора – даць яму час, каб наноў выставіць абвінавачанне. <…> Будзе гэта больш жорсткае абвінавачанне або проста іншае – гэта тая інтрыга, якая цікавіць сёння ўсіх”, – распавёў “Белсату” юрыст Павел Сапелка на прыступках суда Маскоўскага раёну сталіцы, дзе адбыўся працяг расправы над праваабаронцам Алесем Бяляцкім.

Паводле Сапелкі, сёння яшчэ раз стала відавочна, што віна не пацвярджаецца. Абарона, у сваю чаргу, падала доказы, якія апраўдваюць Бяляцкага. Аднак як далей будзе паводзіцца пракурор, суразмоўца не прагназуе, называючы дзеянні абвінавачання непрадказальнымі.

Аднак Сапелка не выключае, што новая фармулёўка можа датычыць дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Адпаведны артыкул Крымінальнага кодэксу прадугледжвае да 2 гадоў пазбаўлення волі. Дагэтуль праваабаронцу пагражала 8 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Меркаванне пра тое, што суд над Бяляцкім можа перарасці ў суд над “Вясною”, выказаў “Белсату” генеральны сакратар Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Артак Кіракасян.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (“Утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры”). Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы сталася інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнаю пракуратураю Польшчы ў межах дамоваў аб прававой дапамозе. Праваабаронца ўтрымліваецца пад арыштам з 4 жніўня.

Бяляцкі сваёй віны не прызнае і заяўляе, што яго пераследуюць за праваабарончую дзейнасць. Паводле падсуднага, замежныя рахункі ён вымушаны быў адкрыць пасля таго, як улады Беларусі закрылі праваабарончы цэнтр “Вясна”. Сродкі, што траплялі на рахункі ад замежных спонсараў, выдаткоўваліся на аказанне дапамогі грамадзянам нашай краіны, чые правы былі парушаныя, а таксама для выдання інфармацыйнай прававой літаратуры і правядзення семінараў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары