Сірыя: аль-Асад зноў кінуў на пратэстоўцаў танкі


Не менш як пяць мірных жыхароў загінулі ды дзясяткі былі параненыя – вайскоўцы, верныя прэзідэнту Башару аль-Асаду, адкрылі агонь з танкаў па горадзе Гомс.

4 лістапада дзяржаўнае тэлебачанне абвесціла пра амністыю для кожнага, хто мае зброю і здасць яе ў паліцыю цягам наступнага тыдня. У той жа дзень, паводле інфармацыі апазіцыйных актывістаў, сірыйскія сілы бяспекі забілі не менш як 19 чалавек. Пры гэтым улады заяўляюць, што яны вядуць барацьбу з узброенымі крымінальнымі бандамі, а не з палітычнаю апазіцыяй.

Горад Гомс застаецца фактычна ў аблозе, вайскоўцы рэгулярна абстрэльваюць адзін з бедных кварталаў гораду, дзе хаваюцца паўстанцы ды перабежчыкі. Адзін з дысідэнтаў у размове з журналістамі агенцтва “Reuters” назваў сітуацыю ў Гомсе жудаснаю – месцічам бракуе ежы і медыкаментаў. Гэты чацвёрты паводле колькасці насельніцтва горад краіны мае асаблівае значэнне для антыўрадавага руху Сірыі. Хама – адзін з цэнтраў пратэставых выступаў, удзельнікі якіх патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Башара аль-Асада.

Раней прэзідэнт Сірыі Башар аль-Асад у тэлефоннай размове са старшынём ААН заявіў, што па ўсёй краіне прыпыненыя паліцэйскія і ваенныя аперацыі.

belsat.eu
https://youtu.be/Ocy7OBvyNw4

Глядзі таксама
Каментары