Чарговы раз у сеціва трапіў запіс размовы з працаўніком беларускага КДБ. Гэтым разам чэкіст спрабаваў завербаваць студэнта Інстытуту журналістыкі Белдзяржуніверсітэту Максіма Чарняўскага.
18-гадовы Максім навучаўся на другім курсе факультэту журналістыкі БДУ, быў стваральнікам групы “Надакучыў нам гэты Лукашэнка” ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”.
Сёлета 13 чэрвеня ён быў запрошаны ў КДБ – нібыта на “прафілактычную гутарку”, а насамрэч – на пяцігадзінны допыт, які вялі чатыры працаўнікі дзяржбяспекі. Пад ціскам юнак вымушаны быў падпісаць дамову аб супрацы.
КДБ збіраўся адправіць Чарняўскага ў Польшчу, дзе ён меў увайсці ў давер да каардынатара “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі” Вячаслава Дзіянава. Хлопец атрымаў таксама дыск з “траянам” – шпіёнскаю праграмаю, якую меў актываваць на кампутары Дзіянава ды іншых апазіцыйных актывістаў.
На сённяшні дзень усе кантакты з КДБ Максім разарваў і выклаў у інтэрнэт здымкі працаўніка спецслужбаў “куратара Дзімы”, які яго вербаваў, а таксама аўдыёзапіс размовы.
Былы следчы Алег Волчак зазначае, што гэта далёка не першая няўдача беларускага КДБ.
“Такое адчуванне, што яны там не ведаюць, чым заняцца, і грошы атрымліваюць паводле нейкіх “галачак” за выкананыя заданні. Для іх галоўнае – не прафесійна завербаваць, а сам факт вярбоўкі, каб потым разлічыцца з начальствам. Нармальныя вярбоўкі цягнуцца год-паўтара. А тыя людзі, што цяпер працуюць у беларускім КДБ, уяўлення не маюць, што такое вярбоўка, і не ўмеюць гэтым займацца”, – заявіў Алег Волчак.
Максім жа з’ехаў у Польшчу, дзе працягвае навучанне.
belsat.eu