Судзяць Бяляцкага. Дзень трэці (Абнаўляецца)


https://youtu.be/NZ9NWhZaGCY
Сёння ў судзе працягваецца разгляд матэрыялаў справы. У прыватнасці, чытаюць матэрыялы, перададзеныя з літоўскага банку, выпіскі з рахункаў Бяляцкага.

Галоўны дзяржаўны інспектар інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Першамайскага раёна Мінска Анжаліка Собалева падала суду дакументы аб маёмасці Бяляцкага, якія суд запатрабаваў 2 лістапада. Згодна з дэкларацыяй аб маёмасці, на Бяляцкага нерухомасць не зарэгістравана. Лецішча з участкам у Ракаве (Мінская вобласць) зарэгістравана на яго жонку Наталлю Пінчук, пра што сведчыць даведка мясцовых уладаў. ДАІ ж пацвердзіла, што Бяляцкі рэгістраваў машыну маркі “Сітраен”. Зброі і спецсродкаў Бяляцкі не мае. Кватэра, у якой ён жыве, зарэгістравана таксама на жонку.

Раней адвакат Лаеўскі звяртаў увагу суда на тое, што ва ўсіх вопісах маёмасці Бяляцкага яго жонка ўласнай рукой пазначала ў пратаколах: уся маёмасць, што апісваецца, з`яўляецца “сумесна нажытай маёмасцю ў шлюбе”.

Суд завяршыў вывучэнне апошняга тома крымінальнай справы. Адвакат звярнуў увагу на тое, што ў справе няма санкцыі першага намесніка пракурора Мінска Канстанціна Кежуна на правядзенне аператыўна-вышуковай дзейнасці, у выніку якой было знойдзена 27 тысяч файлаў у камп`ютары і на цвёрдых дысках, што належаць Бяляцкаму. Акрамя таго, у справе няма і самога дыска з файламі.

Адвакат зачытаў сваё ранейшае хадайніцтва, сутнасць якога зводзіцца да таго, што следства не ўстанавіла віну падабароннага. У прыватнасці, не ўстаноўлены мэты, на якія прызначаліся грошы з рахункаў Бяляцкага. У сувязі з гэтым Лаеўскі прасіў следчага прыпыніць справу, але яму было адмоўлена.

Адвакат таксама раскрытыкаваў атрыманыя з замежных банкаў раздрукоўкі аб руху сродкаў па рахунках Бяляцкага. На яго думку, сам зварот дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў літоўскі і польскі банкі ў студзені 2011 года па форме не адпавядае двухбаковым пагадненням аб прававой дапамозе, якія Беларусь заключыла з Літвой і Польшчай. Дасланыя з Літвы дакументы Лаеўскі назваў “ніяк не засведчанай ксеракопіяй”. Там няма подпісаў і пячатак, подпіс ёсць толькі на адным лісце. На такія звесткі суд не можа звяртаць увагу, перакананы адвакат.

Што да раздруковак рахункаў Бяляцкага з Польшчы, то, як адзначыла абарона, там няма не толькі пячаткі, але нават подпісаў супрацоўнікаў банкаў. “Гэты дакумент у прынцыпе не можа даследавацца. Ён не з`яўляецца доказам”, — заявіў Лаеўскі.

Адвакат звярнуў увагу суддзі на тое, што ў матэрыялах справы ёсць неперакладзеныя і няправільна аформленыя дакументы, а некаторыя дакументы справы не адпавядаюць працэсуальнаму кодэксу.

Сам Алесь Бяляцкі звярнуў увагу на манеру вядзення следства. “Вось следчы Касынкіна піша “таксама ўстаноўлена, што…”, а інфармацыю, дзе і кім штосьці ўстаноўлена. не дае наогул. Гэта сведчыць пра неабгрунтаваны абвінавачвальны ўхіл следства”, — лічыць праваабаронца. “Я сцвярджаю, што гэтая справа пачыналася з мэтай пакараць мяне за праваабарончую дзейнасць”, — заявіў Бяляцкі. Ён спаслаўся на зачытаныя ў судзе лісты кіраўніцтва КДБ, дзе выказвалася меркаванне аб неабходнасці распачаць справу супраць яго.

Пасля таго як дзяржабвінаваўца паведаміў, што дакументы з мытнага камітэта аб дэкларацыях Бяляцкага пры перасячэнні ім мяжы паступяць у суд толькі ў чацвер, у судзе аб`яўлены перапынак да 10 лістапада.

***

Пасля аднаўлення пасяджэння пракурор паведаміў, што матэрыялы на Бяляцкага з мытнага камітэта і падатковай інспекцыі, якія запатрабаваў суд, чакаюцца на працягу паўгадзіны. Да гэтага часу суд вырашыў працягваць разгляд шостага тома справы. Разглядаецца доказная база. У адным з дакументаў ідзе размова аб тым, што праваабаронца Уладзімір Лабковіч з дапамогай камп`ютара ажыццяўляў дзеянні па ўтойванні дзеянняў Бяляцкага.

***
Пасля таго як быў зачытаны першы том справы з выпіскамі з банкаўскіх рахункаў, абарона выступіла з пярэчаннямі. Адвакат Зміцер Лаеўскі, у прыватнасці, адзначыў, што пракурор так і не назваў сумы, якую абвінавачванне лічыць прыбыткам Бяляцкага. Акрамя таго, зняцце Бяляцкім грошай з рахункаў не сведчыць пра тое, што яны былі ягоным прыбыткам, заявіў адвакат.

Лаеўскі таксама адзначыў: абарону ўскладняе той факт, што не вызначаная сума даходу падсуднага. Гэта парушэнне права Бяляцкага на абарону, упэўнены адвакат. Тым не менш, у судзе пачалі зачытваць другі том справы, які змяшчае матэрыялы правяранняў з боку падатковай інспекцыі.

Згодна з вынікамі праверкі ноўтбука і двух вінчэстараў, канфіскаваных падчас ператрусу ў Бяляцкага, там ёсць файлы, зашыфраваныя пры дапамозе праграмы pgp. Эксперт гэтыя файлы адкрыць не змог. Такім чынам, даведацца сутнасць перапіскі, якую Бяляцкі вёў з шыфраваннем, не ўдалося.

Пасля таго як завяршылася чытанне другога тома справы, абарона звярнула ўвагу на тое, што следства не выканала шэраг даручэнняў пракурора. У прыватнасці, не былі зробленыя запыты аб тым, ці ўвозіў Бяляцкі ў Беларусь грошы, аб тым, якія арганізацыі пералічвалі сродкі на яго банкаўскія рахункі, і іншыя – усяго заўвагі па васьмі пунктах.

Трэці, чацвёрты і пяты тамы крымінальнай справы амаль цалкам складаюцца з паручальніцтваў за Алеся Бяляцкага і адмоваў следства іх задаволіць. Суд пачаў вывучаць апошні, шосты, том справы, дзе ўтрымліваецца пастанова аб затрыманні праваабаронцы. На гэтай пастанове рукой Бяляцкага напісана: “З затрыманнем не згодны, вінаватым сябе не лічу”.

Падчас чытання апошняга тома пракурор Сайкоўскі заявіў хадайніцтва аб прадастаўленні яму часу для таго, каб высвятліць: ці паступілі ў суд запатрабаваныя паперы, у прыватнасці, з мытні – аб дэкларацыях Бяляцкага пры перасячэнні ім мяжы. Судздзя хадайніцтва задаволіў і абвясціў перапынак да 15.00.

***

Справу Бяляцкага разглядае суд Першамайскага раёну сталіцы, але працэс праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёну, дзе больш ёмістыя залы. Працэс вядзе суддзя Сяргей Бандарэнка. Пракурор – Уладзімір Сайкоўскі. За працэсам назіраюць праваабаронцы і замежныя дыпламаты.

Учора, 3 лістапада, у судзе дапыталі сведак, а таксама пачалося даследаванне матэрыялаў крымінальнай справы. Пракурор агучыў дакументы следства, падатковай інспекцыі, дэкларацыі аб падатках Бяляцкага, банкаўскія раздрукоўкі.

Міжтым міністр юстыцыі Літвы Рэмігіюс Шымашус заявіў напярэдадні, што паколькі літоўскі бок ануляваў перададзеныя Беларусі звесткі пра рахункі Бяляцкага, яны не могуць служыць доказам у судзе.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі абвінавачваецца паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу («Утойванне даходаў у асабліва буйным памеры»). Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы сталася інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнаю пракуратураю Польшчы ў рамках дамоваў аб прававой дапамозе. Праваабаронца ўтрымліваецца пад арыштам з 4 жніўня.

Бяляцкі сваёй віны не прызнае і заяўляе, што яго пераследуюць за праваабарончую дзейнасць. Паводле падсуднага, замежныя рахункі ён вымушаны быў адкрыць, пасля таго як улады Беларусі зачынілі праваабарончы цэнтр «Вясна». Як сцвярджае Бяляцкі, за сродкі замежных спонсараў, што паступалі на рахункі, аказвалася дапамога грамадзянам Беларусі, чые правы былі парушаныя, а таксама выдавалася інфармацыйная прававая літаратура і праводзіліся семінары.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары