Палажанку папярэдзілі: нельга выязджаць за мяжу


Намесніцу старшыні “Маладога фронту” выклікалі ў РУУС Першамайскага раёну Менску.

“Папярэдзілі, што я не маю права пакідаць Беларусь. Калі я пачала спрачацца, што суд мяне ў гэтым не абмяжоўваў, паказалі нейкія ўказы прэзідэнта, згодна з якімі тым, хто мае ўмоўныя тэрміны, за мяжу выязджаць нельга”, – распавяла “Белсату” пасля выхаду з аддзялення міліцыі Наста Палажанка.

Дзяўчына гаворыць, што забарона на выезд стане значнаю перашкодаю ў навучанні, бо яна студэнтка дыстанцыйнага аддзялення Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту.

У аддзяленні міліцыі ў Палажанкі ўзялі адбіткі пальцаў. “Я ўжо магу прэтэндаваць на Кнігу рэкордаў Гінэса, бо гэтую працэдуру я праходзіла незлічоную колькасць разоў. Цікава, навошта ім столькі?” – жартуе дзяўчына.

Дарэчы, апошнія два дні ўлады дэманструюць нечуваны інтарэс да дзяўчыны – учора падатковая інспекцыя Першамайскага раёну папярэдзіла Палажанку, што тая мусіць да 17 лістапада падаць дэкларацыю аб прыбытках за 2010 г. Наста мяркуе, што адміністратыўны рэсурс задзеяны адмыслова, каб ускладніць ёй жыццё.

Дзяўчына таксама паведаміла, што папярэджанне сёння атрымаў і былы палітвязень Уладзімір Яроменак. Маладафронтавец, нагадаем, быў затрыманы ў Менску 19 верасня і асуджаны на адміністратыўны арышт за спробу вывесіць нацыянальныя сцягі. Міліцыянты паведамілі хлопцу, што ў выпадку іншых парушэнняў закону яго змесцяць пад прэвентыўны нагляд.

Актывіст “Маладога фронту” Уладзімір Яроменак за ўдзел у Плошчы быў асуджаны да 3 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазней памілаваны ўказам Аляксандра Лукашэнкі і выйшаў на волю 13 жніўня.

Намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах была асуджаная на 1 год умоўна.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары