Віктар Яўмененка: За Карэтнікавым сачылі


Затрыманне ды арышт Юрыя Карэтнікава не выпадковыя – упэўнены ягоны паплечнік Віктар Яўмененка. “Пасля акцыі ў Курапатах я яго больш не бачыў, але магу адзначыць тое, што разам з Юрасём мы прайшлі ўвесь шлях на Курапаты, і за намі ўвесь час сачылі”, – распавёў “Белсату” Яўмененка.

Суд Савецкага раёну Менску даў лідару арганізацыі “Правы альянс” Юрыю Карэтнікаву 10 дзён адміністратыўнага арышту. Карэтнікава прызналі вінаватым у дробным хуліганстве. Нагадаем, 30 кастрычніка прыкладна а 17.00 Карэтнікаў патэлефанаваў родным і паведаміў, што затрыманы. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве. “Наколькі я ведаю, на Юрася не “выходзілі” раней, але думаю, што з ім напэўна хацелі паразмаўляць”, – заявіў Яўмененка, каментуючы арышт Юрыя Карэтнікава.

Юрый Карэтнікаў падчас прэзідэнцкіх выбараў быў даверанаю асобаю кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы Рыгора Кастусёва і Віталя Рымашэўскага, а пазней працаваў у камандзе кандыдата Уладзіміра Някляева, адказваючы за стварэнне службы бяспекі. Пасля 19 снежня 2010 г. паехаў ва Украіну, дзе разам з яшчэ адным актывістам беларускай апазіцыі Вячаславам Сіўчыкам стварыў грамадскую арганізацыю беларусаў Украіны “Беларускі цэнтр”. Вярнуўся ў Беларусь Карэтнікаў 26 кастрычніка 2011 г.

“Правы альянс” быў створаны пасля расколу ў 2000 г. незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды. Частка сябраў партыі на знак нязгоды з пазіцыяй партыйнага кіраўніцтва склала ядро новай арганізацыі. У 2004 г. актывісты “Правага альянсу” беспаспяхова спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю ў Міністэрстве юстыцыі як грамадскае аб’яднанне.

Сёлета ў верасні “Правы альянс” абвесціў пра спыненне палітычнай дзейнасці ды пра скасаванне ўсіх дамоваў пра ўдзел у палітычных кааліцыях і саюзах.

belsat.eu
https://youtu.be/7pNfGyCLIqw

Глядзі таксама
Каментары