Міністр аховы здароўя загадаў вакцынаваць 30 % насельніцтва


Ідзе агітацыя: кіраўніцтву прадпрыемстваў і арганізацыяў прапаноўваюць зрабіць прышчэпкі ўсяму калектыву.

Цяпер найлепшы час для таго, каб правесці вакцынацыю супраць грыпу, заявіў галоўны санітарны лекар сталіцы Іван Вайтовіч 26 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Ён паведаміў, што ў сталіцы прышчэпкі маюць ужо 25 % насельніцтва. «Нагадаю, што ў адпаведнасці з рашэннем міністра аховы здароўя сёлета неабходна вакцынаваць 30 % насельніцтва рэспублікі. У цяперашні час мы практычна завяршылі вакцынацыю групаў рызыкі са сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў», – адзначыў ён.

«Вакцына ёсць у кожнай паліклініцы, можна прыйсці па месцы жыхарства і зрабіць прышчэпку», – дадаў галоўны санітарны лекар. Яе кошт у дзяржаўных медычных установах складае ад 60 да 80 тыс. руб., паведаміла загадчыца эпідэміялагічнага аддзелу Менскага гарадскога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Алена Фісенка. На яе думку, у параўнанні з коштам прафілактыкі грыпу і яго лячэння гэта прымальная сума.

«Паводле заключэнні САЗ [Сусветнай арганізацыі здароўя], склад штамаў вірусаў грыпу, якія будуць цыркуляваць сёлета, не адрозніваецца ад папярэдняга года. Усе вакцыны, якія прысутнічаюць на рынку, утрымліваюць менавіта гэтыя варыянты вірусаў», – адзначыла Алена Фісенка.

belsat.eu

Стужка навінаў