Бандарэнку прапаноўваюць пайсці на працу. З мыліцаю


Кіраўніцтва калоніі не бянтэжыць той факт, што палітвязень перасоўваецца з дапамогаю мыліцы.

Сёння асуджанага ў калоніі наведалі ягоная жонка і адвакат. Вольга Бандарэнка перадала мужу цёплыя рэчы, адвакат змог пабачыцца з падабаронным. Нягледзячы на праблемы са здароўем, Змітра Бандарэнку перавялі з медсанчасткі ў атрад 17 кастрычніка, нагадвае спадарыня Вольга.

Жанчына гаворыць, што намеснік кіраўніка медсанчасткі патлумачыў гэта тым, што ў Змітра перапынак у лячэнні: маўляў, карміць яго бясконца таблеткамі немагчыма, бо абвастрылася язва, пачаліся праблемы з пячонкаю, дый фізіятэрапеўтычныя працэдуры таксама робяцца курсамі.

“Але кіраўніцтва мне паабяцала, што як толькі гэты перапынак скончыцца, яны зноўку накіруюць Дзіму ў медсанчастку. Не ведаю, праўда, ці можна давяраць іхным словам, бо на пачатку размовы гаварылі, што Дзіма прабудзе ў атрадзе не болей за дзесяць дзён, але потым павольна гэты тэрмін павялічыўся да двух-трох тыдняў”, – распавяла “Белсату” пасля выхаду з калоніі Вольга Бандарэнка.

Жанчына гаворыць, што муж перасоўваецца на мыліцы. Таксама ён паведаміў адвакату, што ў дадатак да паясніцы і нагі пачаліся праблемы з органамі малога лагва. “Дзіму вельмі непакоіць, што ён не можа выконваць рэкамендацыяў дактароў менскага шпіталю і турэмнай медсанчасткі. Яму забаронена нахіляцца, доўга стаяць, але ў атрадзе пазбегнуць гэтага не ўдаецца. Больш за тое, з боку адміністрацыі ўжо гучаць прапановы выйсці на працу, хоць гэта яму катэгарычна забаронена”, – адзначыла Вольга Бандарэнка.

Вольга гаворыць, што ейны муж напісаў заяву на доўгатэрміновае спатканне са сваякамі, аднак адказу пакуль няма. Няма зрухаў і ў справе ўмоўна-датэрміновага вызвалення, хоць траціну вызначанага яму тэрміну пакарання палітвязень ужо даўно адбыў. “Спачатку ў адміністрацыі калоніі яму заяўлялі, што ім трэба вызначыцца, ці заслужыў ён гэта. А нядаўна паведамілі, што будуць яго “вывучаць” яшчэ месяцаў шэсць”, – распавядае Вольга Бандарэнка.

Змітра Бандарэнку, давераную асобу экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, арыштавалі пасля мітынгу 19 снежня і змясцілі ў СІЗА КДБ. У красавіку суд прызнаў яго вінаватым у “арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і актыўным удзеле ў іх” ды прысудзіў да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пакаранне Зміцер Бандарэнка адбывае ў Магілёўскай калоніі. Палітвязень мае вялікія праблемы са здароўем, напрыканцы ліпеня яму зрабілі складаную аперацыю на хрыбетніку.

belsat.eu

Стужка навінаў