Інфармацыю пра пацыента будуць перадаваць он-лайн


Менскія паліклінікі злучаюць адзінаю электроннаю базаю.

Новаўвядзенне выпрабуюць спачатку ў Менскім гарадскім анкалагічным цэнтры. Менавіта сюды будуць накіроўваць першыя здымкі з мамографаў он-лайн. Паводле галоўнага доктара Уладзіміра Караніка, гэта дазволіць аператыўна атрымліваць звесткі пра пацыентаў.

“Да таго ж не трэба будзе праходзіць паўторнага даследавання. Здымкі мамографа – апарату, здольнага выявіць рак малочных залозаў на ранняй стадыі, – лічацца дзейснымі толькі тады, калі экспертызу правялі два незалежныя дактары. То бок цяпер пацыент будзе мець выснову свайго мясцовага доктара і адмыслоўца з нашага цэнтру”.

Згодна з ацэнкамі экспертаў, эканомія ад новаўвядзення штогод будзе складаць каля 1 млн еўраў.

Галоўны доктар Менскай гарадской гінекалагічнай бальніцы Аляксандр Біч кажа, што дзякуючы найноўшым тэхналогіям вызначаць захворванне стала прасцей на самых ранніх стадыях. “Але вельмі шмат залежыць ад пацыента. На жаль, нашыя людзі ўсё яшчэ лянуюцца прайсці пэўныя працэдуры, аналізы. У выніку мы губляем час на лячэнне. Новая методыка абмену звесткамі часткова вырашыць гэтую праблему: аднойчы прайшоў даследаванне – далей ужо застаецца прытрымлівацца рэкамендацыяў доктара”, – гаворыць адмысловец.

belsat.eu

Стужка навінаў