Масавыя правяранні на міжнародных аўтобусных рэйсах


Адміністрацыя аўтапарку правяла масавыя правяранні ды выявіла выпадкі нелегальных перавозаў пасажыраў на міжнародных маршрутах. Кіроўцаў, што парушалі нормы, адхілілі ад працы.

Нелегальныя перавозы ажыццяўлялі кіроўцы на маршруце Коўна–Вільня–Менск. У віленскіх касах прадавалі толькі пяць квіткоў, на выходныя ж было значна больш ахвотных з’ехаць вечаровым рэйсам у Беларусь. Таму кіроўцы прапаноўвалі заплаціць за праезд наўпрост у салоне, але квіткоў не выдавалі, а некаторыя пасажыры ехалі нават стоячы. Інэса Палюховіч, начальніца аддзелу перавозаў аўтапарку № 2, які займаецца міжнароднымі рэйсамі, паведаміла, што кіроўцам выдаюцца з сабою касавыя апараты, каб яны выдавалі квіткі пасажырам. “Браць аплату за праезд у літах забараняецца, а таму яны могуць выдаваць квіткі, пачынаючы з беларускай тэрыторыі – з Ашмянаў. На тэрыторыі Літвы кантраляваць продаж кіроўцамі квіткоў мусяць літоўскія кантралёры”, – гаворыць Палюховіч.

Разбіральніцтвы пачаліся толькі пасля таго, як журналістка Таццяна Шапуцька апісала схему махінацыяў і звярнулася з афіцыйным запытам да чыноўнікаў. Як стала вядома “Белсату”, кіроўцаў, што парушалі абавязкі, пазбавілі прэміі ды знялі з працы на міжнародных рэйсах. У адміністрацыі аўтапарку № 2 паведамляюць, што праверылі і іншыя міжнародныя рэйсы. Паводле пасажыраў, што адпраўляюцца цяпер з Літвы ў Беларусь, кіроўцы катэгарычна адмаўляюцца прымаць аплату ў літах, выдаюць квіткі ды бяруць столькі пасажыраў, колькі гэта дазваляюць тэхнічныя нормы аўтобуса і правілы міжнародных перавозаў пасажыраў.

belsat.eu

Стужка навінаў