Алена Танкачова: Беспрэцэдэнтныя абмежаванні


Савет Рэспублікі ўхваліў папраўкі ў закон аб масавых акцыях.

Законапраект сенатарам прэзентаваў міністр унутраных справаў Анатоль Куляшоў, які заявіў, што падчас яго распрацавання вывучалі адпаведнае міжнароднае заканадаўства – і беларускі закон у параўнанні з ім “найбольш дэмакратычны”.

У выніку абмеркавання паправак парламентары таксама прыйшлі да высновы, што закон адпавядае Канстытуцыі. Дарэчы, на абмеркаванне і ўхваленне законапраекту, які рэзка крытыкавалі беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, сенатарам спатрэбілася ўсяго паўгадзіны.

Згодна з новым законам, любы збор грамадзянаў мусіць быць санкцыянаваны ўладамі, гэтае патрабаванне тычыцца нават флэшмобаў, а таксама мерапрыемстваў, арганізаваных з выкарыстаннем інтэрнэту. Арганізатарам да атрымання дазволу на правядзенне акцыі забаронена паведамляць пра час і месца яе правядзення. Акрамя таго, арганізатарамі не могуць быць асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку правядзення такой акцыі на працягу года з моманту накладання адміністратыўнага спагнання.

Юрыст і праваабаронца Алена Танкачова называе новыя абмежаванні беспрэцэдэнтнымі. Яна зазначае, што новыя палажэнні закону наўпрост супярэчаць Канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе свабоду сходаў, а таксама шэрагу міжнародных забавязанняў краіны.

“Згодна з міжнароднымі стандартамі, на правядзенне масавых акцыяў не патрэбныя адмысловыя дазволы: дастаткова заявіць пра намер правесці тую ці іншую акцыю. Да таго ж масавыя акцыі мусяць ахоўвацца дзяржаваю, каб не ўзнікла небяспекі для іх удзельнікаў пацярпець ад вялікага збору людзей ці транспарту”, – тлумачыць Алена Танкачова.

Праваабаронца гаворыць, што з юрыдычнага гледзішча тэксты артыкулаў новага закону “надзвычай недакладныя, незразумелыя і некарэктныя”, што дае магчымасць працаўнікам праваахоўных органаў і судам інтэрпрэтаваць іх як заўгодна.

“Выклікае шкадаванне той факт, што папраўкі прынятыя без уліку меркавання грамадскасці – як беларускай, так і міжнароднай”, – падсумоўвае Алена Танкачова.

belsat.eu

Стужка навінаў