Міліцыя не можа знайсці былога дырэктара «Пінскдрэву»


Ларан Арыніч абвінавачваецца паводле справы аб выбуху на прадпрыемстве.

Нагадаем, амаль год таму на ўчастку вытворчасці драўняных паліўных гранулаў СТАА «Пінскдрэў-ДСП» адбыўся выбух. Два працаўнікі загінулі на месцы, яшчэ 12 памерлі ў больніцах Пінску, Берасця і Менску. Шасцярых пацярпелых дактары ўратавалі, пяць з іх засталіся інвалідамі. Агулам у аварыі пацярпеў 21 чалавек.

Расследаванне справы падыходзіць да сканчэння. Як паведамляе прэсавая служба Генеральнай пракуратуры, крымінальную справу завяршаў следчы аддзел расследавання справаў аб карупцыі Генеральнай пракуратуры, бо справа датычыць службовых асобаў: «Шукалі ўзаемасувязь прычынаў і ступені адказнасці службовых асобаў за гэтае злачынства. Цяпер справа ў стадыі заканчэння. З ёй азнаёміліся пацярпелыя, знаёмяцца абвінавачаныя, якімі прызнаныя чатыры чалавекі, у тым ліку інжынеры, гендырэктар».

За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі да адказнасці мяркуецца прыцягнуць генеральнага дырэктара, галоўнага інжынера холдынгу Уладзіміра Шастакова, дырэктара СТАА «Пінскдрэў-ДСП» Леаніда Логвіна і галоўнага інжынера гэтага ж заводу Ігара Логвіна. Апошнім тром афіцыйнае абвінавачванне ўжо выставілі, з іх узялі падпіску аб нявыездзе, цяпер абвінавачаныя ды іхныя адвакаты знаёмяцца з матэрыяламі крымінальнай справы.

Што датычыць былога генеральнага дырэктара, то 23 жніўня яго абвесцілі ў вышук. Пракурор Пінску Святлана Масла паведаміла: як толькі Арыніч даведаўся, што супраць яго пачалі крымінальную справу, ён з’ехаў за мяжу. «Паводле нашай інфармацыі ён цяпер знаходзіцца ў Польшчы», – заявіла пракурор.

Вядома, што рашэннем мясцовых уладаў Ларана Арыніча пазбавілі статусу «Ганаровы жыхар Пінску». Генпракуратура спадзяецца, што польскія калегі будуць спрыяць вяртанню былога генеральнага дырэктара на радзіму.

belsat.eu

Стужка навінаў