Румас: 20 кастрычніка пераходзім на адзіны курс


З 20 кастрычніка гандляванні на Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) будуць праходзіць у межах адной сесіі, паведаміў 15 кастрычніка віцэ-прэм’ер Сяргей Румас у эфіры тэлеканалу СТВ.

Такім чынам, асноўная сесія БВФБ, дзе ажыццяўляецца продаж валюты пад імпарт энергарэсурсаў і медыкаментаў, злучыцца з дадатковаю.

“Урад супольна з Нацбанкам прыняў рашэнне, згодна з якім 20 кастрычніка гандляванні на біржы будуць ажыццяўляцца ў межах адной сесіі. На адзінай гандлёвай сесіі – гэтак жа, як цяпер на дадатковай – будзе гнуткае курсаўтварэнне, у залежнасці ад попыту і прапановы. Тая валацільнасць, якая ёсць сёння на дадатковай сесіі, кажа пра тое, што ўрад і Нацбанк даюць курсу намацаць тое раўнаважкае значэнне, пры якім попыт і прапанова будуць роўныя, каб экспарцёрам было цікава прадаваць валюту, а імпарцёрам набываць. Гэтак жа і насельніцтва: каб валютныя касы банкаў і абменныя пункты працавалі на абароце. Гэта значыць, ні ў якой ступені сёння дзяржава не будзе адміністрацыйна ўмешвацца ў курсаўтварэнне, усталёўваючы курс на нейкім узроўні адміністрацыйна”, – заявіў Румас.

Першая дадатковая сесія адбылася 14 верасня, тады курс долара дасягнуў 8600 рублёў. На асноўнай сесіі ў гэты дзень кошт амерыканскай валюты склаў 5355 рублёў. У адносным выразе розніца паміж курсамі была роўная 60,6 %.

14 кастрычніка курс долара на дадатковай сесіі склаў 9010 рублёў, на асноўнай – 5725 рублёў; розніца – 57,4 %.

На прэс-канферэнцыі 21 верасня віцэ-прэм’ер Сяргей Румас паведаміў: урад і Нацбанк разлічваюць ліквідаваць множнасць курсаў беларускага рубля ў кастрычніку.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары