Украіна можа ўвайсці ў Мытны саюз


Пра гэта паведаміў намеснік міністра эканомікі краіны, Валерый Мунціян. Паводле ягоных словаў, Кіеў можа далучыцца да Расеі, Казахстанe і Беларусі пры выкананні наступных умоваў:

“Першае: адмена экспартных мытаў на нафту, гэта 3 млрд долараў; другое: адмена экспартных мытаў на нафтапрадукты… Зніжэнне коштаў на газ. Я настойваю на тым, што нам патрэбныя цэны на газ такія ж самыя, як у РФ, каб пазбегчы эфекту паглынання ўкраінскіх кампаній”, – заявіў міністр.

“Якая ж гэта інтэграцыя і якая гэта справядлівасць, калі яны (расейскія кампаніі) атрымліваюць цэны, якія ў 2,5 разы на той перыяд былі ніжэйшыя, чымся для нашых айчынных вытворцаў?” – пытаўся Мунціян журналістаў. На ягоную думку, выкананне такой умовы дасць украінскай эканоміцы 4,6 млрд долараў штогод.

Акрамя таго, паводле Мунціяна, неабходна дамагчыся адмены расейскіх абарончых захадаў і ўрэгулявання пытання гарантыяў сплаты магчымых – у выпадку ўступлення Украіны ў Мытны Саюз – кампенсацыйных патрабаванняў Сусветнай Гандлёвай Арганізацыі. Цана гэтага пытання – каля 2 млрд долараў.

Трэцяя ўмова: “забеспячыць загружанасць украінскай газатранспартавай сістэмы”, бо Украіна не можа сабе дазволіць страціць свой транзітны патэнцыял.

“Такім чынам, гэта такія кампенсацыйныя выдаткі, якія мы беспасярэдне прапаноўваем краінам Мытнага саюзу. На перамоўным працэсе, які вялі групы экспертаў, гэтыя ўмовы ў прынцыпе прымаліся. Прымаліся на экспертным узроўні. Як там на палітычным, я не магу сказаць, гэта не мая кампетэнцыя”, – рэзюмаваў Мунціян.

belsat.eu

Стужка навінаў