Арыштавалі Віктара Івашкевіча


Сустаршыню аргкамітэту Народнага сходу Віктара Івашкевіча будуць судзіць за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. “На мяне складзены пратакол за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі 8 кастрычніка. Цяпер вязуць у суд Савецкага раёну Менску”, – паспеў паведаміць палітык журналістам агенцтва БелаПАН.

Пакуль не ўдаецца звязацца з другім сустаршынём аргкамітэту Народнага сходу – Генадзем Фядынічам.

Народны сход адбыўся 8 кастрычніка ў Менску і яшчэ дзесяці гарадах Беларусі. Аргкамітэт не падаваў заяўкі на правядзенне акцыі, аргументуючы гэта тым, што падобны фармат акцыі падпадае пад дзеянне закону “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах”. Паводле гэтага закону ініцыятарам правядзення сходу мае быць група грамадзянаў, якім неабходна сабраць у сваю падтрымку подпісы не менш як 10 % грамадзянаў, якія жывуць у гэтым горадзе, мікрараёне, на вуліцы, у двары ці доме. Пры гэтым арганізатары не абавязаныя здаваць подпісы ў якія-небудзь кантрольныя органы для іх рэгістрацыі або праверкі.

Тым не менш 6 кастрычніка Генеральная пракуратура папярэдзіла Віктара Івашкевіча і Генадзя Фядыніча аб незаконнасці правядзення Народнага сходу. На адмысловым брыфінгу начальнік кіраўніцтва нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасці прававых актаў Генеральнай пракуратуры Павел Радзівонаў звярнуўся да грамадзянаў з заклікам не ўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары