Сястра пра Кавалёва: Апошнюю кашулю аддасць, каб дапамагчы


10 кастрычніка на судовым працэсе ў справе выбуху ў менскім метро дапыталі Таццяну Казякову, сястру абвінавачанага Уладзіслава Кавалёва. Яна праходзіць як сведка падзеяў у Віцебску ў першай палове 2000-х гг.

У прыватнасці, гаворка ішла пра ўзгаранне аўтамабіля ў двары дому, дзе жывуць Кавалёвы, увесну 2005 г. Таццяна дакладнага дня здарэння не памятае. Як высветлілася, пра тое, што пажар адбыўся менавіта тады, ёй сказаў следчы. Суду яна патлумачыла, што ў час пажару разам з братам была дома і бачыла яго з акна кватэры. Пазней гэтага пажару яны з братам не абмяркоўвалі.

Казякова заявіла, што дачыненні брата з Канавалавым яе не цікавілі. Паводле яе, Канавалаў бываў у іх дома рэдка. Пры гэтым Казякова адзначыла, што іхнай маці кантакты сына з Канавалавым “не вельмі падабаліся”, бо калі яны сыходзілі разам гуляць, Кавалёў вяртаўся нападпітку. Пра хобі свайго сябра Кавалёў сястры нічога не распавядаў. Пра якія-небудзь піратэхнічныя захапленні самога Уладзіслава яна не ведае, ніякіх хімічных рэактываў у хаце не бачыла.

На просьбу дзяржаўных абвінаваўцаў ахарактарызаваць брата Казякова адказала: “Спагадны, адказны, з сябе апошнюю кашулю здыме, каб дапамагчы. Дрэннага нічога не магу сказаць”. Прамаўляючы гэтыя словы, Таццяна ледзь не заплакала. На пытанне суддзі Аляксандра Федарцова, ці мог брат у чымсьці адмовіць Канавалаву, Таццяна адказала сцвярджальна. “На крайнасці ён сапраўды ніколі не пойдзе”, – упэўнена заявіла яна.

На пытанне, чым цікавіўся Уладзіслаў Кавалёў, сястра адказала, што той захапляўся псіхалогіяй, чытаў шмат фантастыкі, збіраўся распачаць сваю справу. Што да прычынаў ад’езду Кавалёва ў Менск, яна сказала, што брат збіраўся паступіць на курсы менеджменту.

Ці хацеў ён стала жыць у сталіцы, Таццяна не ведае. Ён застаўся ў Менску, калі здолеў знайсці добрую працу і пачаў нядрэнна зарабляць. Уладкавацца на курсы не атрымалася, сказала Таццяна.

belsat.eu

Стужка навінаў