Андрэй Вардамацкі ў «Гарачым каментары»


“Затрыманне Алега Манаева – удар па інвестыцыйным іміджы краіны”.

Некалькі гадзінаў таму быў затрыманы старшыня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў Алег Манаеў. Гэта адбылося ў цэнтры Менску на выхадзе з метро – яго схапілі спецназаўцы.

Сацыёлаг кіраваўся на брыфінг дыпламатычнага корпусу, дзе меўся прэзентаваць вынікі апошніх даследаванняў. Паводле іх рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ўпаў да рэкордна нізкага ўзроўню. За дзейнага прэзідэнта гатовыя галасаваць толькі 20 % беларусаў.

“Такія дзеянні з боку ўладаў – высокая ацэнка важнасці сацыялогіі як навукі, як віду інфармацыі”, – іранізуе беларускі сацыёлаг Андрэй Вардамацкі.

Як маркетолаг ён уважае тое, што адбылося, моцным ударам па інвестыцыйным іміджы Беларусі: “Любы інвестар, убачыўшы сітуацыю, думае: калі з тым, хто робіць даследаванні для мяне, адбываецца такое, што ж будзе са мною, з маімі інвестыцыямі?”

Ці можна патлумачыць затрыманне тым, што ўлады баяцца шырокага распаўсюду вынікаў вераснёўскага апытання НІСЭПД? “Можа, раней і падавалася, што Беларусь – гэта асаблівы, адмысловы, прадуманы выпадак і шлях развіцця. Як паказваюць падзеі, гэта проста хрэстаматыйная трывіяльная дыктатура, адною з асаблівасцяў якой ёсць адсутнасць зваротнай інфармацыйнай сувязі. Улады не ведаюць, што адбываецца ў краіне. Дакладней, думаюць, што ведаюць, але насамрэч сітуацыя адваротная. І другі бок – тое што зваротная сувязь, паступленне інфармацыі спыняецца таксама і ў адносінах да насельніцтва”, – зазначыў Андрэй Вардамацкі.

belsat.eu
https://youtu.be/NbWH3Lcwc78

Глядзі таксама
Каментары