Мацкевіч пра затрыманне Манаева: Гэта новая канцэпцыя рэпрэсіяў


У Менску затрыманы незалежны сацыёлаг, кіраўнік зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў прафесар Алег Манаеў.

Спадара Манаева затрымалі спецназаўцы на выхадзе са станцыі метро “Плошча Перамогі”. Паводле прадстаўніка НІСЭПД Аляксандра Саснова, Алег Манаеў толькі паспеў паведаміць, што ў яго шукаюць наркотыкі ды зброю. Іншыя падрабязнасці гэтага інцыдэнту пакуль не вядомыя, як і тое, дзе цяпер Алег Манаеў: мабільны тэлефон незалежнага сацыёлага адлучаны.

У момант затрымання Алег Манаеў накіроўваўся ў амбасаду Польшчы, якая старшынюе ў Еўразвязе, каб прэзентаваць вынікі вераснёўскага даследавання НІСЭПД. Згодна з ім, рэйтынг дзейнага прэзідэнта катастрафічна ўпаў: Аляксандру Лукашэнку давяраюць толькі 24,5 % рэспандэнтаў, не давяраюць – 62,3 %.

Кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў, метадолаг Уладзімір Мацкевіч упэўнены, што затрыманне Алега Манаева звязанае з ягонаю прафесійнаю дзейнасцю. “Я баюся дапускаць, што гэта нейкая ўжо сфармуляваная канцэпцыя новай хвалі рэпрэсіяў, але хутчэй за ўсё так і ёсць”, – зазначае Уладзімір Мацкевіч. Ён кажа, што ўлады раней ніколі не чапалі інтэлектуальнае крыло дэмакратычнай апазіцыі: “Цяпер мы бачым, што за гэтую частку таксама вырашылі ўзяцца – прычым сілавікі”.

Са словаў Уладзіміра Мацкевіча, ужо вядомыя выпадкі, калі ўзломвалі “Скайп” некаторых асобаў, што займаюцца аналітычнаю працаю. Ён таксама нагадвае пра ціск на незалежнага сацыёлага Андрэя Вардамацкага, які актыўна ўдзельнічаў у леташніх прэзідэнцкіх выбарах як кансультант і эксперт. І вось цяпер – затрыманне прафесара Алега Манаева.

“Раней ці пазней улады мусілі ўцяміць, што пераслед ініцыятараў асобных акцыяў не пазбавіць іх ад росту незадавальнення ў грамадстве, бо яго фундаментам ёсць менавіта інтэлектуальны складнік”, – гаворыць Уладзімір Мацкевіч. Паводле яго, улады баяцца і аўтарытэту экспертаў-інтэлектуалаў, якія ў грамадстве маюць пазітыўны імідж у адрозненні ад палітыкаў, і таго розгаласу, што атрымліваюць у краіне і за яе межамі даследаванні, якія яны праводзяць.

belsat.eu

Стужка навінаў