Пайшоў з жыцця заснавальнік «Apple» Стыў Джобс


Бізнесовец, заснавальнік «Apple», буйной кампаніі вытворчасці кампутараў, памёр ад раку падстраўнікавай залозы. Стыў Джобс змагаўся з гэтаю хваробаю апошнія 8 гадоў.

«Стыў быў адным з найвялікшых амерыканскіх наватараў – досыць адважны, каб думаць па-іншаму, дастаткова смелы, каб паверыць, што ён можа змяніць свет, і досыць таленавіты, каб зрабіць гэта», – гаворыцца ў адмысловай заяве, распаўсюджанай ад імя прэзідэнта ЗША Барака Оўбамы.

Лічыцца, што Джобс быў адным з самых вялікіх энтузіястаў развіцця высокіх камп’ютарных тэхналогіяў. Першы камп’ютар «Apple» быў выпушчаны ў 1976 г. Цягам пяці гадоў камп’ютары гэтай маладой кампаніі былі самымі папулярнымі і запатрабаванымі ў свеце. Пэўны час яна перажывала і крызіс – камп’ютары ўсё ж былі занадта дарагія, а іх вытворчасць праз гэта не была масаваю. Праз пэўны час Стыў Джобс быў вымушаны пакінуць «Apple». У 1986 г. ён выступіў адным з заснавальнікаў анімацыйнай студыі «Pixar», якая прынесла яму вялікія грошы.

У 1996 г. Джобс вярнуўся ў «Apple» і пачаў працаваць над праектамі кампаніі. У 2000 г. ён трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса як генеральны дырэктар з самым малым заробкам – адзін долар. А неўзабаве свет пабачыў першы «iPod», які пачаў прыносіць кампаніі вялікія грошы. Да 2006 г. яна заваявала значную долю рынку персанальных камп’ютараў. Прадукцыя «Apple» знайшла мільёны прыхільнікаў, дзякуючы высокай прадукцыйнасці і – не ў апошнюю чаргу – дызайну.

Для шматлікіх карыстальнікаў «iPod», «iPhone» ды «iMac» прадукцыя «Apple» – не проста прылады для працы, але і сімвал прагрэсу і новага бачання свету сучасных тэхналогіяў.

У жніўні 2011 г. Джобс пакінуў пасаду генеральнага дырэктара «Apple», але застаўся ў кампаніі ў якасці старшыні рады дырэктараў. Пра свой сыход Стыў Джобс абвясціў у адкрытым лісце, ён падзякаваў усім працаўнікам кампаніі за добрую працу, настойліва парэкамендаваў прызначыць сваім пераемнікам Тыма Кука, а таксама выказаў жаданне працаваць старшынёю рады дырэктараў «Apple».

Стыў Джобс пайшоў з жыцця літаральна праз дзень пасля прэзентацыі чарговага прадукту «Apple» – смартфона «iPhone 4S». Сотні карыстальнікаў прадукцыі кампаніі «Аpple» нясуць сёння кветкі ды знічкі да яе офісаў па ўсім свеце, каб уганараваць памяць Стыва Джобса.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары