Грэцыя страйкуе. Зачыніўся нават Акропаль


У Грэцыі праходзіць 24-гадзінны ўсеагульны страйк, накіраваны супраць жорсткіх захадаў эканоміі бюджэту, прынятых урадам краіны для аздараўлення эканомікі.

У сераду, 5 кастрычніка, зачыніліся дзяржаўныя школы, суды і аэрапорты, не ходзяць цягнікі, а ў лякарнях на дзяжурства выйшлі толькі лекары неадкладнай дапамогі. Паводле ацэнак прафсаюзаў, у страйку возьмуць удзел сотні тысяч чалавек.

Гэта першая ўсеагульная забастоўка пасля таго, як грэцкі ўрад абвясціў пра скарачэнне 30 тыс. працоўных месцаў у бюджэтным сектары і ўвядзенне новага надзвычайнага падатку на ўласнасць. Некаторыя ваяўніча настроеныя дзяржслужбоўцы ўжо паабяцалі сабатаваць абяцаныя ўрадам рэформы.

У Афінах камуністы арганізавалі шматтысячную дэманстрацыю, на якую прыйшлі працоўныя, студэнты і настаўнікі.

У панядзелак міністры фінансаў краінаў еўразоны адклалі вылучэнне Грэцыі чарговай траншы раней узгодненай фінансавай дапамогі. Такое рашэнне было прынятае пасля таго, як Грэцыя абвесціла, што па выніках фінансавага года не зможа ўтрымаць дэфіцыт бюджэту на ўзроўні, узгодненым з Еўразвязам і МВФ.

Паводле міністра фінансаў Грэцыі Эвангэлёса Вэнізэлёса, урад краіны зможа выплачваць пенсіі ды заробкі бюджэтнікам, абслугоўваючы пры гэтым сваю вонкавую пазыку, толькі да сярэдзіны лістапада. Пасля гэтага грошы ў бюджэце скончацца.

Шматлікія жыхары краіны перакананыя, што рэзкае скарачэнне выдаткаў пазбаўляе Грэцыю якіх-небудзь шанцаў на эканамічны рост.

belsat.eu

Стужка навінаў