Шыльды на Глыбоччыне застануцца расейскія


Аддзел транспарту і камунікацыяў Віцебскага аблвыканкаму не збіраецца спыняць русіфікацыі на дарогах.

Грамадскія актывісты з Глыбокага распачалі ў інтэрнэце кампанію, накіраваную супраць русіфікацыі дарожных шыльдаў у сваім рэгіёне. Яны заклікаюць звяртацца да ўладаў з патрабаваннямі вярнуць беларускамоўныя назвы. Пагатоў на гэта існуюць юрыдычныя падставы. Юрыстка Святлана Шлома тлумачыць: “Дзеля аднастайнасці дарожных знакаў на дарогах мясцовага значэння надпісы мусяць наносіцца на беларускай мове. Гэтая норма ўтрымліваецца ў Дзяржаўным стандарце РБ “Знакі дарожныя. Агульныя тэхнічныя нормы”.

“Белсат” звярнуўся па каментар у аддзел транспарту і камунікацыі Віцебскага аблвыканкаму. Выканаўца абавязкаў начальніка аддзелу Андрэй Гулідзін паведаміў, што адзін знак каштуе крыху больш за 720 000 руб., а таму замяняць расейскамоўныя шыльды дорага і немэтазгодна.

“У Глыбоцкім раёне забяспечваецца ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і расейскай моваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Шыльды з назвамі населеных пунктаў, якія змяшчаюць назвы на расейскай мове, могуць быць змененыя толькі з часам іх зносу – то бок не раней, чым праз дзесяць гадоў”.

Дарэчы, паводле апошняга перапісу насельніцтва, Глыбоцкі раён уваходзіць у рэгіёны, дзе беларуская мова найбольш распаўсюджаная. Тут беларускамоўнага вясковага насельніцтва больш за 90 %.

belsat.eu

Стужка навінаў