Пракуратура пра збіццё вязняў: Гэта было апраўдана


“Мой сын увесь чорны ад пабояў”, – з такімі словамі маці асуджанага Раміза Мамедава звярнулася ў інфармацыйна-асветніцкую ўстанову “Платформа”.

Вязень адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі. Як высветлілася, білі не яго аднаго. “Платформа” звярнулася ў пракуратуру з нагоды збівання і атрымала адказ. Як і чакалі працаўнікі ўстановы, падставаў распачаць крымінальную справу не знайшлі.

Факты збівання, тым не менш, пацвердзіліся. Сталі вядомыя і прозвішчы вязняў: Капліч, Мамедаў, Ярахновіч. Іх пакаралі за тое, што яны сарвалі камеру відэаназірання, якую кантралёры ўсталявалі над прыбіральняю.

“Паводле матэрыялаў, пададзеных працаўнікамі медычнай часткі ПК-5, асуджаны Мамедаў Р. Р. 2011/07/26 года быў агледжаны працаўнікамі медычнай часткі ПК-5. У выніку праведзенага агляду паказанняў для кансультацыі вузкімі адмыслоўцамі Івацэвіцкай ЦРБ і шпіталізацыі <…> не было. Асуджаны Мамедаў Р. Р. у Івацэвіцкую ЦРБ не вывозіўся, стацыянарнага лячэння не атрымліваў”, – цытуе адказ пракуратуры сайт прыхільнікаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Працаўнікі “Платформы” сцвярджаюць, што з крыніцаў, блізкіх да кіраўніцтва Цэнтральнай раённай бальніцы, уначы з 25 на 26 чэрвеня Раміз Мамедаў двойчы паступаў туды ў вельмі цяжкім стане з траўмаю галавы і слядамі пабояў на ўсім целе. Паводле крыніцы, у яго былі ўсе прыкметы страсення мозгу і трэшчына ў чэрапе.

“Не зразумела, як праводзілася праверка, калі нашыя працаўнікі без асаблівых складанасцяў высветлілі гэта ў шпіталі”, – каментуе сітуацыю кіраўнік “Платформы” Андрэй Бандарэнка.

У выніку праверкі пракуратура прызнала, што ўжыванне фізічнай сілы і спецсродкаў працаўнікоў ПК-5 было законнае і абгрунтаванае, зазначыўшы пры гэтым, што дзеянні асуджаных “не суправаджаліся ўжываннем гвалту да адміністрацыі калоніі, г. зн. не былі накіраваныя на парушэнне цялеснай недатыкальнасці кантралёраў і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў, пагрозаў гвалту з іх боку не выказвалася”.

“Платформа” рыхтуе новыя скаргі ў Генеральную пракуратуру.

belsat.eu

Стужка навінаў