Ірына Халіп: Пагроза жыццю Андрэя застаецца


Экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава даставілі ў Бабруйскую калонію. На новым месцы адбыцця пакарання палітвязня наведаў адвакат.

Як распавяла «Белсату» жонка вязня Ірына Халіп, з Магілёўскай турмы яго этапавалі а 2-й гадзіне ночы: «Пагражалі, што будуць этапаваць у кайданках, бо Андрэй супраціўляўся – гарантыяў бяспекі яму так ніхто і не даў». Напярэдадні этапу хтосьці з турэмнай адміністрацыі пацікавіўся ў Андрэя Саннікава, ці не хоча ён аблегчыць сабе жыццё і напісаць прашэнне аб памілаванні, аднак, паводле Ірыны Халіп, прасіць Лукашэнку ейны муж ні пра што не будзе. Не падпісаў Андрэй Саннікаў і стандартнай для ўсіх зняволеных паперы, што ён стане на шлях выпраўлення.

«Магчыма, увесь гэты беспрэцэдэнтны ціск менавіта для таго, каб зламаць Андрэя і прымусіць напісаць гэтае прашэнне. Напісаць самастойна, бо з такімі прапановамі да яго нават не звяртаюцца», – не выключае Ірына Халіп. Яна вельмі непакоіцца за жыццё і здароўе мужа, бо, паводле жанчыны, маральны прэсінг працягваецца, рэгулярна гучаць намёкі на фізічную расправу. Ірына Халіп гаворыць, што пакуль сітуацыя не выправіцца, адвакаты будуць наведваць свайго падабароннага штодня.

Экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Спачатку ён адбываў пакаранне ў Наваполацкай калоніі, але два тыдні таму быў вывезены з яе. Падчас этапавання на палітвязня аказвалі моцны ціск – яму пагражалі забойствам.

belsat.eu

Стужка навінаў