Соф’я Вус: Я хаця б пераканалася, што мой сын жывы


Маці былога кандыдата на прэзідэнта палітвязня Дзмітрыя Вуса змагла сёння некалькі хвілінаў пабачыцца з сынам.

“Выглядае ён не вельмі добра, але я хоць пераканалася, што Дзіма жывы і што яго там лечаць. А то я нават пачала сумнявацца ў гэтым”, – распавяла “Белсату” сямідзесяцігадовая жанчына. Яна гаворыць, што ёй так і не патлумачылі, чаму Дзмітрыя Вуса перавялі ў турэмны шпіталь. Сын жа хваляваць маці не захацеў, толькі крыкнуў, што ў яго ўсё нармальна, і папрасіў маці берагчы сябе.

Спадарыня Вус нагадвае, што працяглы час не мела ніякіх звестак пра сына. Сваякам нават не паведамілі, што Дзмітрый Вус пераведзены з Магілёўскай калоніі ў менскі турэмны шпіталь. “Яны адмыслова гуляюць у маўчанку. Гэта помста за тое, што Дзіма адмовіўся сведчыць супраць Мікалая Статкевіча, не падпісаў у калоніі паперы, што становіцца на шлях выпраўлення, не папрасіў у Лукашэнкі памілавання”, – упэўненая Соф’я Вус.

Жанчына гаворыць, што раней ніколі не цікавілася палітыкаю, але сітуацыя з сынам прымусіла яе, як яна кажа, разабрацца ва ўсім, што адбываецца: “Яны ўсе асуджаныя бязвінна – за тое, што патрабавалі справядлівага падліку галасоў”.

“Калі Аляксандра Лукашэнку абіралі на прэзідэнта першы раз, я галасавала за яго – і ўсю вёску загітавала зрабіць тое ж, вось Бог мяне за гэта і пакараў”, – уздыхае жанчына.

Былы кандыдат на прэзідэнта, прадпрымальнік Дзмітрый Вус быў асуджаны ў справе 19 снежня на 5 з паловаю гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Вязень мае другую групу інваліднасці – тры гады таму ён перажыў клінічную смерць, у яго парушаная маторыка рук. Тым не менш адміністрацыя Магілёўскай калоніі, дзе Дзмітрый Вус адбывае пакаранне, прымушае яго працаваць, тады як большасць вязняў гэтай спецустановы, нават тыя, хто маюць аплачваць судовыя выдаткі або аліменты, не працуюць. Пра гэта распавёў палітвязень Ілля Васілевіч, што адбываў пакаранне ў той жа калоніі ды быў памілаваны паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі.

belsat.eu

Стужка навінаў