500-годдзе бітвы пад Воршай: памятныя манеты ў Літве, паштовыя маркі ў Польшчы і форум ва Украіне


Суседнія краіны шырока адзначаюць гадавіну Аршанскай бітвы, а ўлады Беларусі святкаванні забараняюць

У той час, як беларускія ўлады не дазволілі святкаваць 500-годдзе перамогі пад Воршай, суседнія краіны з размахам афіцыйна адзначаюць гэту падзею.

У Літве Оршу прыгадалі Цэнтрабанк і пошта

У Літве 2014-ы год аб’яўлены годам перамогі пад Воршай. З гэтай нагоды 6 верасня Літоўская пошта выдае адмысловую паштовую марку.

Акрамя таго Цэнтрабанк Літвы выдаў памятныя манеты, прысвечаныя Аршанскай бітве.

З іншых падзей: выстава «500 гадоў бітве пад Воршай» у Вайсковым музеі Вітаўта Вялікага, на якой будуць прадстаўленыя іканаграфія і жывапіс.

Усходне-Еўрапейскі форум абмяркуе перамогу над маскоўскімі жаўнерамі ў свеце апошніх падзей на Данбасе

Святкаванні адбудуцца ў гарадах, у якіх жыў род Астрожскіх : у Роўне, Астрогу, Дубне, Стараканстанцінаве і Наваградзе-Валынскім. Пройдуць падзеі ў межах Усходне-Еўрапейскага форуму «500-годдзе перамогі пад Воршаю». У Роўне зладзяць «Кірмаш майстроў», а таксама тут адкрыюць мемарыяльны знак Канстанціну Астрожскаму. А ў Кіеве 20 верасня распачнецца навукова-практычная канферэнцыя «Бітва пад Оршаю 1514 году – яскравая старонка супольнай барацьбы супраць маскоўскай агрэсіі». Падчас яе правядуць паралелі паміж Аршанскай бітвай і цяперашнім супрацьстаяннем збройнай агрэсіі Расіі.

Нацыянальны музей у Варшаве сабярэ навукоўцаў з нагоды Аршанскай перамогі

Польская пошта, як і літоўская, вырашыла ўшанаваць перамогу пад Воршай паштовай маркай. А Нацыянальны музей ў Варшаве 7 верасня правядзе дыскусійную панэль з удзелам навукоўцаў. На панэлі, між іншым, абмяркуюць як захоўваць каштоўныя экспанаты, якія нагадваюць аб Аршанскай бітве. Перадусім – знакамітую карціну ананімнага майстра «Бітва пад Воршай».

У Беларусі на афіцыйным узроўні ніякіх падзей, але актывісты абяцаюць шмат падзей

«У нас распрацаваная праграма адзначэньня ад 8 верасьня да 3 сьнежня. Будзе шмат імпрэзаў. 10 верасьня запрацуюць дзіцячая і моладзевая мастацкія выставы, прысьвечаныя 500-годзьдзю бітвы на Крапівенскім полі, а 23 кастрычніка Саюз беларускіх мастакоў адкрые вялікую выставу ў Палацы мастацтваў», — кажа Мікола Купава, кіраўніка аргкамітэту святкавання 500-годдзя бітвы пад Оршай.

У сваю чаргу старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведамляе, што ў Менску і Оршы ўжо пэўны час ідзе распаўсюд паштовак-віншаванняў з 8 верасня.

Аршанская бітва адбылася 8 верасня 1514 года і стала найбуйнейшай падчас вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай (1512-1522 гг). 35 тысяч жаўнераў ВКЛ, сярод якіх было некалькі тысяч палякаў, разбілі 80-тысячнае маскоўскае войска.

[vc_single_image image=”346824″ img_size=”large”]

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў