5 незвычайных і простых спосабаў пафарбаваць велікодныя яйкі


Калі Вам надакучыла кожны год фарбаваць яйкі цыбулёвым лушпіннем і хочацца нечага новага, прапануем Вашай увазе некалькі простых, сучасных і даўнейшых спосабаў.

Яшчэ з дахрысціянскіх часоў у старажытных славянаў яйка было рытуальнай ежай, увасабляла плоднасць, жыццё, здароўе, дабрабыт, несла ў сабе гаючую, ачышчальную і ахоўную сілу. Дагэтуль многія праваслаўныя беларусы прыносяць на Радаўніцу велікодныя яйкі на могілкі.

Адныя з самых старажытных яек-пісанак з вапняку былі знойдзены падчас археалагічных раскопак гарадзішча эпохі вікінгаў у Маскавічах недалёка ад Браслава. Каб не адыходзіць ад старажытнай беларускай традыцыі, прапануем 5 простых і нетыповых спосабаў афарбоўкі велікодных яек.

1. Паласацікі

Яскравыя і рознакаляровыя яйкі атрымаюцца, калі заматаць іх ніткамі мулінэ і зварыць. Важна паварыць крыху даўжэй, а потым не зліваючы вады даць астыць. Затым акуратна зрэзаць ніці – за гэты час яны аддадуць частку свайго колеру.

2. Дэкупаж

Аказваецца, велікодныя яйкі можна ўпрыгожваць нават творамі мастацтва. А робіцца гэта вельмі проста. Усё залежыць ад таго, з якімі ўзорамі і малюнкамі сурвэткі Вы набудзеце. Заранёў варым яйкі, аддзяляем верхні слой сурвэтак, бо толькі ён спатрэбіцца, выразаем на сурвэтках патрэбны малюнак і клеем ПВА прыклейваем кавалак сурвэткі на яйка. Замест клею можна выкарыстоўваць узбіты яечны бялок.

Калі сурвэткі на яйках высахнуць, іх можна нацерці раслінным алеем для глянцавага эфекту.

3. «Касмічныя» яйкі

«Касмічнага эфекту» можна атрымаць з дапамогаю звычайнай фарбы і пэндзліка. Памаляваўшы яйкі ў чорна-сіні колер, трэба акуратна напстрыкаць белыя зоркі. Дарэчы, паводле многіх старажытных сусветных міфаў, менавіта з касмічнага яйка і з’явіўся наш сусвет.

Напрыклад індусы лічаць, што Сусвет напачатку быў пазбаўлены сутнасці, пакуль не прыняў форму яйка – Хіранья Гарбха, – шкарлупіна якога стала мяжой паміж нічым і чымсьці. Праз год гэтае Касмічнае яйка раскрылася, і яго ўнутраная абалонка пераўтварылася ў аблокі, пражылкі сталі рэкамі, а вадкасць – акіянам.

4. Скробанкі і раслінныя ўзоры

Для тых, хто не хоча адыходзіць ад натуральнай афарбоўкі яек цыбулёвым лушпіннем, прапануем досыць традыцыйны спосаб, распаўсюджаны ўва многіх рэгіёнах Беларусі. У старую непатрэбную капронавую панчоху засоўваем яйка па баках абклаўшы яго лісцем, травамі або іншымі раслінамі, якія маем пад рукой.

Шчыльна завязаўшы яйка, варым яго ў падрыхтаваным лушпінні. Калі не маеце ў хаце кветак і лісця і лянота выходзіць на вуліцу, пасля афарбоўкі на яйку ўзоры можна проста «выдрапаць» вялікай іголкай або іншым вострым прадметам. Можа атрымацца сапраўднае мастацтва.

5. Пісанкі па-сапоцкінску

Унікальным старажытным спосабам упрыгожвання велікодных яек славіцца пасёлак Сапоцкін, дзе дагэтуль захавалася традыцыя фарбаваць яйкі ў чорны колер, а ўзоры наносіць пчаліным воскам.

«Нашыя яйкі звычайна чорныя з белымі ўзорамі. Магчыма, гэта калісьці быў сімвал святла і цемры. Чорны – таксама колер урадлівай зямлі, а белы – заўжды быў сімвалам чысціні і прыгажосці. Асноўныя ўзоры – кветкі і сонейка. Усё вельмі радаснае, як і радаснае свята – Вялікдзень, калі ўваскрэс Хрыстос і перамог смерць», – тлумачыць Ганна Чэслававаўна Галубцова, загадчыца філіялу Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтру.

Для чорнай фарбы патрэбны іржавыя цвікі або іншае непатрэбнае ў хаце іржавае жалеза, кара дуба, альшыны, якія заліваюцца вадой. Усе інгрэдыенты павінны настойвацца каля месяца, акурат час Вялікага посту. Звычайна людзі пачынаюць гэта рабіць, калі толькі пачынаецца пост, каб на Вялікдзень фарба была гатовая. Калі яна не выстаіць свайго, то колер можа атрымацца не зусім чорны. Можа быць карычняваты.

Паколькі да самога Вялікадня ў гэтым годзе натуральную фарбу рабіць крыху позна, яе можна замяніць звычайнай фарбай для яек, якую можна набыць у краме. Пры гэтым колеры кожны для сябе можа выбраць на свой густ.

Перад тым як апусціць яйка ў фарбу, трэба растапіць воск і адмысловым пэндзлікам, які па-мясцоваму клічуць «пісачок», нанесці ўзоры на сырое або заранёў гатаванае яйка. Такі пісачок можна вельмі проста зрабіць: у драўляную дошчачку ўбіваецца маленькі цвічок, якім пасля і наносяцца ўпрыгожванні. Воск павінен быць пчаліны, або гэта можа быць расплаўленая царкоўная свечка. Калі яйка было сырым, то яго трэба на содні апусціць у фарбу, а пасля гатаваць.

Пасля гатоўкі воск сыдзе і застанецца малюнак. Калі яйка было гатаваным, пасля афарбоўкі яго можна проста патрымаць над свечкай, каб воск растапіўся і злез.

Шчаслівых святаў!

ПВ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары