Класкоўскі: Форма па-ранейшаму пераважае над зместам


Каардынатары «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» заклікаюць у сераду, 28 верасня, далучыцца да футбольных заўзятараў.

«Не будзем вынаходзіць ровар, як гаворыцца, а проста выкарыстаем вялікую колькасць грамадзян на гульні БАТЭ – «Барселона», каб правесці масавае, але мірнае мерапрыемства», – пішуць каардынатары «маўклівых рэвалюцыяў». Згодна з іхным планам, акцыя пачнецца апоўначы, калі скончыцца футбольны матч: «Увесь шлях ад стадыёну да Кастрычніцкай плошчы павінен заняць хвілінаў 15–20, яшчэ 20–40 хвілінаў можна папляскаць у далоні на галоўнай Плошчы нашага гораду! На гэтым усё, ціха і мірна разыходзімся».

Да такога фармату акцыі шмат хто з патэнцыйных удзельнікаў паставіўся скептычна: хтосьці ўпэўнены, што не трэба змешваць спорт і палітыку, кагосьці проста не задавальняе час правядзення акцыі.

Спартовы аглядальнік Дзмітрый Сухановіч не вельмі станоўча ставіцца да новай задумы арганізатараў. Сваю пазіцыю ён тлумачыць тым, што падчас дзеянняў сілавікоў супраць «маўклівых рэвалюцыянераў» могуць пацярпець выпадковыя людзі. А ў тым, што такое развіццё падзеяў цалкам імавернае, Дзмітрый Сухановіч упэўнены, бо футбольныя матчы заўсёды праходзяць пад пільнай увагай міліцыянтаў і АМАПу.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі заявіў, што спрэчкі наконт фармату – пытанне ўжо другаснае, бо ў цэлым гэты жанр вычарпаў сябе. «Форма па-ранейшаму пераважае над зместам. Канцэптуальна напоўніць замысел, паказаць ланцуг развіцця сюжэту і яго вынік арганізатарам не ўдалося», – заўважае палітолаг.

На меркаванне Аляксандра Класкоўскага, гэта ўсё ж такі не значыць, што з народнымі пратэстамі ў краіне скончана – сацыяльна-эканамічныя цяжкасці будуць падаграваць «градус незадаволенасці». Аднак прагназаваць, калі ў грамадстве саспее рэвалюцыйная сітуацыя, не выпадае з цэлага шэрагу прычынаў, зазначае палітолаг: «Гэта і доўгацярплівасць беларусаў, і раз’яднанасць апазіцыі, і страх перад рэпрэсіямі». Але калі ўвесь час закручваць гайкі, то разьбу раней ці пазней сарве, падсумоўвае Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў