Эксперт: Курс 8000 захаваецца на працяглы перыяд


Нацбанк зніжае курс долара на дадатковай сесіі гандляванняў сёмы раз запар. Пачаўшы з 8600 рублёў, курс ужо дайшоў да 7890 рублёў, прычым прадаць або купіць валюту ў беларускіх абменніках можна яшчэ танней. На сёння максімальны курс куплі і мінімальны курс продажу сышліся ў адзнацы 7600 рублёў за долар.

Чыноўнікі робяць выгляд, што долар апускаецца без іхнай дапамогі. «Ніхто сёння не дасць дакладнага значэння раўнаважкага курсу, да якога мы ідзем, – заявіў віцэ-прэм’ер Сяргей Румас. – Але адназначна можна сказаць, што ён знаходзіцца сёння паміж цяперашнім афіцыйным і тым узроўнем, якога мы дасягнулі на дадатковых гандляваннях. На якой адзнацы ён выраўняецца, давайце паглядзім да канца кастрычніка». Незалежныя эксперты мяркуюць, што сітуацыя не такая аптымістычная, як здаецца чыноўнікам.

«Перадусім трэба звяртаць увагу на аб’ём гандляванняў, а не на сам курс. Вымушаны канстатаваць, што цяпер аб’ём на вельмі нізкім узроўні», – кажа эканаміст Аляксандр Муха. На пачатку 2011 г., калі яшчэ не было крызісу, штодня на міжбанкаўскім рынку прадавалі больш за 200 мільёнаў долараў. Цяпер Нацбанк вымушаны працаваць з зусім іншымі лічбамі. Дадатковая сесія, якая фактычна замяніла міжбанк, набірае аб’ём 200 мільёнаў долараў за чатыры–пяць дзён. «Таму казаць, што рынак пачаў стабільную працу, можна будзе толькі тады, калі аб’ём гандляванняў вернецца на ранейшы ўзровень», – каментуе сітуацыю эканаміст. Разам з тым, паводле ягонага прагнозу, курс 8000 рублёў за долар захаваецца на працяглы перыяд.

belsat.eu

Стужка навінаў