Павал Усаў у “Гарачым каментары”


Рэжым можна змяніць не маўклівымі акцыямі, а кровапраліццем, упэўнены палітолаг.

Пратэст супраць дзеянняў уладаў і патрабаванне зменаў у шматлікіх беларускіх гарадах грамадзяне выказвалі ў чэрвені ды ліпені штосераду. Ніякіх палітычных лозунгаў і заклікаў – толькі плясканне ў ладкі, маўчанне разам, сігналы будзільнікаў на мабільных тэлефонах. Кожная з такіх акцыяў завяршалася масавымі затрыманнямі, часам – брутальным збіваннем, калі на мірных грамадзянаў палявалі людзі ў цывільным. Заўтра пасля некаторага перапынку акцыі маўчання вяртаюцца. Арганізатары заклікаюць беларусаў ізноў выйсці а 19:00 на галоўныя плошчы гарадоў і выказаць сваю незадаволенасць.

Паводле палітолага Паўла Усава, улады будуць і далей жорстка разганяць акцыі маўклівага пратэсту, паколькі баяцца непрадказальнага масавага бунту: “Шмат хто скептычна ставіўся да таго, што людзі прыйдуць на Плошчу 19 снежня, бо былі расчараваныя ў апазіцыі. Сам Лукашэнка быў упэўнены, што там нікога не будзе. Менавіта гэтая непрадказальнасць спужала ўлады. Цяпер яны імкнуцца не дапусціць непрадказальнага моманту”.

“Калі пачнуцца акцыі, на якіх не будуць адбывацца затрыманні, людзі пабачаць, што рэжым слабы, і на наступны дзень людзей будзе яшчэ больш”, – упэўнены Усаў.

“Маўклівыя акцыі” ў цэнтры гарадоў ён лічыць большаю пагрозай уладам, чым “Народны сход” на плошчы Бангалор у Менску: “Нават калі збярэцца трыццаць тысячаў, пяцьдзесят, якая далейшая стратэгія? Яе няма. Як дамагацца рэалізацыі выстаўленых патрабаванняў да рэжыму? Дзеля гэтага павінны быць жорсткія акцыі – напрыклад, марш у кірунку Адміністрацыі прэзідэнта, хоць цяпер наўрад ці нехта на гэта насмеліцца”, – тлумачыць Усаў.

Пры гэтым Усаў дадае, што для дэманстрацыі колькасці людзей, не задаволеных рэжымам, дастаткова маўклівых акцыяў. Каб змяніць рэжым, патрэбныя значна больш жорсткія дзеянні. “Лукашэнка сам сказаў, што будзе бараніць уладу з аўтаматам у руках. Фактычна, кроў ужо пралілася. Калі людзей б’юць па тварах і ломяць ногі, гэта што, не кровапраліцце? Цяпер сіла і моц у руках улады, пералом наступіць тады, калі людзі пачнуць адказваць за сябе”, – падсумаваў палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў