“Калі б Ганчар не знік, сёння ён сядзеў бы ў турме”


Палітыка ўспамінаюць Ірына Халіп, журналістка, жонка экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава, і Андрэй Клімаў, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склікання, бізнесовец і тройчы палітвязень.

“Толькі пасля яго знікнення я зразумела, што такой яскравай асобы, роўнай яму, проста не засталося ў беларускай палітыцы <…> Не было такіх, у каго была б такая ж харызма, як у Ганчара”, – гаворыць Ірына Халіп. “Калі б ён працаваў у шоу-бізнесе, ён бы збіраў Крамлёўскі палац з’ездаў – лёгка!”

Паводле яе, Ганчар меў цікавую рысу: “Яму падабалася падабацца. І ў гэтым няма нічога дрэннага”. Менавіта такія людзі ідуць на подзвігі, лічыць Халіп. “Акрамя таго, Ганчар любіў людзей, – адзначае яна. – Ёсць людзі, якія захапляюцца сабою і не бачаць астатніх”.

“Я думаю, калі б Ганчар застаўся сярод нас, цяпер ён сядзеў бы ў турме, – кажа журналістка. – Мне здаецца, было б значна больш палітзняволеных, і, напэўна, усе гэтыя жорсткія рэпрэсіі, усё тое, што адбылося, у іншым выпадку адбылося б раней”.

“Калі б Ганчар не знік, Беларусь ужо была б Еўразвязе”, – такое меркаванне выказвае Андрэй Клімаў. Паводле яго, Ганчар меў “геніяльную здольнасць прадбачыць развіццё палітычнай сітуацыі. Не толькі ў краіне, але і ў свеце”.

Перыяд супрацы з Ганчаром Клімаў называе самым яскравым у сваім жыцці ды выказвае перакананне, што ягоны “настаўнік” трапіць у падручнікі гісторыі. Ганчар мог бы стаць для Беларусі тым, кім стаў для Чэхіі Вацлаў Гавэл: “яе годнасцю і сумленнем”, – дадае суразмоўца.

Віктар Ганчар – палітык, дэпутат Вярхоўнага Савету, былы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, апанент Аляксандра Лукашэнкі. Знік 16 верасня 1999 г. разам са сваім сябрам, бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім.

belsat.eu

Стужка навінаў